Заробак чыноўніка расце ў Беларусі ў чатыры разы хутчэй, чым заробак настаўніка
Заробкі дзяржаўных служачых растуць у Беларусі ў чатыры разы хутчэй, чым заробкі настаўнікаў. Мяркуйце самі: па звестках Белстата, за апошні год заробкі чыноўнікаў выраслі на неблагія 37,1%, а заробкі настаўнікаў — на сціплыя 9,45%.
Дарэчы, у Беларусі ўжо каторы год ідзе скарачэнне дзяржапарату. Магчыма, улады нарэшце рэалізавалі свой план па змяншэнні колькасці чыноўнікаў на 30% — адсюль і імклівы рост?
Але што працэнты, давайце паглядзім на сітуацыю ў абсалютных велічынях.
У верасні 2016 года чыноўнікі атрымлівалі ў сярэднім 790 рублей 40 копеек. Настаўнікі — на 175 рублёў менш. А ў верасні 2017 года настаўніцкія заробкі адстаюць ад чыноўнічых ужо на 411 рублёў.