Заробак прэзідэнта Літвы называюць па тэлефоне

Сумы заробкаў Качыньскага ды Юшчанкі размешчаныя на прэзідэнцкіх сайтах, у прыёмнай Мядзведзева патрабуюць афіцыйны запыт, а ў прэс-службе Лукашэнкі пасылаюць да “Financial Times”.
Еўрарадыё абзваніла прыёмныя прэзідэнтаў суседніх краінаў і даведалася, ці проста зазірнуць у прэзідэнцкую кішэню.

У фінансавым аддзеле Адміністрацыі прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса Еўрарадыё здзівілі: ніякага сакрэта няма.

Фінансавы аддзел Адміністрацыі прэзідэнта Літвы:
“У нас ёсць прэзідэнцкі закон. І там напісана, што прэзідэнт атрымлівае 12 сярэдніх статыстычных зарплат. А ў статыстыцы заўсёды напісаны памер зарплаты”.

Сярэдняя статыстычная зарплата ў Літве — каля 2300 літаў. Такім чынам, падлічыўшы, атрымліваем заробак прэзідэнта — амаль 28 тысяч літаў у месяц. Гэта крыху больш за 8 тысяч еўра. Аднак гэта з падаткамі. Прэзідэнт на рукі атрымлівае менш, — расказалі Еўрарадыё ў прэс-службе Адміністрацыі прэзідэнта Літвы.

Прэс-служба Адміністрацыі прэзідэнта Літвы: “Я магу вам толькі сказаць лічбу, якая разам з падаткамі. Гэта будзе 27828 літаў. Гэта ўсім вядома, таму што ў нас дэпартамент статыстыкі ўсё аб’яўляе. І ўсе ведаюць, як трэба лічыць, каб даведацца, які заробак. Гэта проста ўсім вядома”.

Днямі брытанская газета “Financial Times” надрукавала спіс самых высокааплатных кіраўнікоў краінаў і ўрадаў па стане на сакавік 2009 года. Самым багатым аказаўся прэзідэнт ЗША Барак Абама з гадавым прыбыткам 292 тысячы еўра. Прэм’ер-міністр Ісландыі Браян Коўэн атрымлівае 257 тысячаў еўра, прэзідэнт Францыі Мікалай Сарказі — 240 тысячаў еўра, канцлер Нямеччыны Ангела Меркель — 228 тысячаў еўра. Гадавы заробак прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева — 67 тысячаў еўра.

У Адміністрацыі прэзідэнта Расіі нам прапанавалі даслаць запыт па факсе.

Адміністрацыя прэзідэнта Расіі: “Я наўрад ці змагу адказаць вам па тэлефоне. Вам трэба накіраваць вашае пытанне па факсе”.

Не менш складана выцягнуць інфармацыю ад людзей Віктара Юшчанкі, кіраўніка Ўкраіны. Пры гэтым 31 сакавіка на прэзідэнцкім сайце абнародавана ўся інфармацыя пра заробкі Віктара Юшчанкі. У мінулым годзе ён атрымаў 46284 еўра заробку.

Адміністрацыя прэзідэнта Украіны: “Згодна з нашым законам, кожны год абнародуюць. Але калі вы хочаце атрымаць тлумачэнне, напішыце, калі ласка, запыт у прэс-службу прэзідэнта Украіны — і вы атрымаеце поўны каментар па вашым пытанні”.

Даведацца зарплату польскага прэзідэнта Леха Качыньскага няма праблемы. У прэс-службе прэзідэнта нас накіравалі на прэзідэнцкі сайт са словамі “гэта не сакрэтная інфармацыя”. У 2008 годзе ён зарабіў 65617 еўра разам з падаткамі.

На жаль, апошняя адкрытая інфармацыя пра заробкі Аляксандра Лукашэнкі датуецца 2005 годам, калі кандыдат у прэзідэнты абнародаваў дэкларацыю аб прыбытках перад выбарамі. За той год ён зарабіў крыху больш за 59 мільёнаў рублёў, гэта каля 20 тысячаў еўра.

Як ні спрабавала “Еўрарадыё” даведацца, колькі прэзідэнт зарабіў летась, нічога не атрымалася. Прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Павел Лёгкі прапанаваў нам... звярнуцца ў газету “Financial Times”.

Павел Лёгкі: “Патэлефануйце ў “Financial Times”.
ЕРБ: “Але я хачу у вас спытаць.”
Павел Лёгкі: “Выбачайце, калі ласка. Буду заўсёды рады дапамагчы іншым разам…”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі