Заробкі растуць толькі ў тэлевізары, а большасць беларусаў не мае "пяцьсот"
Беларусам не даводзілася б эканоміць на ежы, калі б жыццё было як па дзяржТБ / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Чыноўнікі часта рапартуюць пра рост заработных плат у Беларусі і дасягнутыя "па пяцьсот". Пры гэтым многія беларусы могуць здзіўляцца, дзе гэтыя "па пяцьсот", чаму яны не адчуваюцца?
Эксперты "Кошту ўрада" падрыхтавалі агляд, дзе растлумачылі, чаму "па пяцьсот" у статыстыцы для большасці беларусаў значна менш у жыцці і дзе асядаюць большыя грошы.
"Пяцьсот" — разлікоўцы, а вам яшчэ падаткі і рост цэн
Ацэньваць намінальную заработную плату асаблівага сэнсу няма. Гэта толькі тое, што мы бачым у разліковіку ў графе "налічана". Сапраўдны важны рэальны заробак. Гэта наша "налічана", але з улікам інфляцыі і вылікам падаткаў — 13% падаходнага, калі няма льгот, і 1% ФСАН.
— На жаль, у Беларусі мы часцей чуем з вуснаў чыноўнікаў лічбы, звязаныя менавіта з намінальным заробкам, што дазваляе гуляць з лічбамі і хаваць сапраўды важныя паказчыкі за другаснымі, — адзначаюць эксперты. — Паглядзіце на графік з намінальнай і рэальнай заработнай платай у Беларусі за апошнія два з паловай гады. Адразу становіцца зразумела: у той час як намінальная заработная плата паказвае месяц ад месяца адносна ўпэўнены рост, рэальная паводзіць сябе зусім інакш. Яе рост запавольваўся ў апошнія гады.
Заробак у рублях і доларах
— Факт: у цэлым намінальная заработная плата ў апошнія гады расце. Калі ў пачатку 2020 года гэты паказчык быў 1118 рублёў, то да сярэдзіны 2022-га ён склаў ужо больш за 1627 рублёў, гэта значыць вырас амаль у паўтара раза за два з паловай года. У доларах рост не такі імклівы. У студзені 2020-га ў пераліку на цвёрдую валюту сярэдні нармальны заробак складаў 528 долараў, у чэрвені 2022-га — ужо 635 долараў, або на 20 адсоткаў больш, — піша "Кошт урада".
— Чыноўнікі лічаць за лепшае маўчаць пра тое, што высокія паказчыкі ў доларах заработнай платы — гэта налічаныя сродкі, ад якіх трэба яшчэ адняць падаходны і сацстрах, і сярэдні па краіне — гэта больш пра сталіцу і Мінскую вобласць. Таму пафасныя сярэднія 635 долараў па краіне ператвараюцца ў гарбузы трыста-чатырыста ў большасці рэгіёнаў.
Рэгіёны адстаюць ад Мінска на 10-20%
Жангляваць прыгожымі паказчыкамі чыноўнікі могуць, у тым ліку не згадваючы разрыў у даходах рэгіёнаў.
— Калі па краіне сярэдні намінальны заробак складаў 1627 рублёў [у чэрвені. — Еўрарадыё], то ўсе вобласці, акрамя Мінскай, былі значна ніжэй. Ад 1327 рублёў у Магілёўскай да 1457 у Гомельскай. Сталічныя паказчыкі, наадварот, сталіся нашмат вышэйшыя — каля 2264 рублёў.
— Заробак там няўхільна расце з пачатку года: у студзені ён складаў 1595 рублёў, а ў чэрвені ўжо 1993 рублі. У далейшым прасачыць гэтую тэндэнцыю будзе няпроста, бо з ліпеня інфармацыю пра заробкі ў гэтай сферы прыбралі з адкрытых крыніц. Цікава — чаму? Акрамя гэтага, высокія заробкі ў сферы фінансаў (2339 рублёў) і навуковых даследаванняў (2306 рублёў).
"Айцішка" аказалася на здзіўленне ўстойлівай да крызісаў, прыгнёту ўрада і санкцый. У ліпені гэта была адзіная сфера, якая зрабіла станоўчы ўнёсак у ВУП.
З цікавых тэндэнцый тут намецілася скарачэнне разрыву паміж заробкамі IT-спецыялістаў і ўсіх іншых работнікаў.
— Калі ў студзені 2016 года заробак у IT адрозніваўся ад сярэдняга ў Беларусі ў 5,6 раза, то ў сярэдзіне 2022 года гэтая розніца складае ўжо 3,8 раза. Што адбылося? Акрамя відавочнага (заробкі айцішнікаў раслі не так хутка, як заробкі па Беларусі ў цэлым), ёсць яшчэ адзін цікавы феномен. Айцішнікі атрымлівалі вялікія заробкі, якія, як праз сіта, пранікалі далей у эканоміку краіны, падкормліваючы сферы абслугоўвання, вытворчасці, стымулюючы з'яўленне і развіццё мноства бізнесаў. Гэта значыць: не стане айцішнікаў — і большасць гэтых бізнесаў сур'ёзна пацярпіць.
Гэта перацяканне сродкаў у іншыя сферы можа стаць трыгерам для зніжэння рэальных заробкаў у далейшым. Бо айцішнікі мабільныя, а ўмовы ў Беларусі ўсё горшыя для іх.
— Толькі за апошнія некалькі месяцаў галіна страціла ўжо 5% занятых, прычым, відавочна, найбольш высокааплатных і запатрабаваных. Магія, з якой грошы прасочваліся з IT у іншыя сферы, растае на вачах, — рэзюмуюць эксперты "Кошту ўрада".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.