Заслаўскія чыноўнікі паслалі заяўнікаў "Астравецкага шляху" ў Мінск (дакумент)
Заслаўскія чыноўнікі паслалі заяўнікаў "Астравецкага шляху" ў Мінск. У адказе яны пішуць, што актывісты да іх звярталіся дарма, падаваць заяўку трэба ў Мінскі райвыканкам: "Дадаткова паведамляем, што пры падачы заявы ў Заслаўскі гарвыканкам спецыялістам Вам было растлумачана аб тым, што заява аб правядзенні масавага мерапрыемства на тэрыторыі Мінскага раёна, у тым ліку г. Заслаўя, падаецца ў Мінскі райвыканкам".
Адказ змясціў на сваёй старонцы ў Facebook намеснік старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук. Ён адзначае, што "пры падачы [у гарвыканкам у Заслаўе] сказалі, што накіруюць заяўку ў Мінск". Атрымліваецца, што не адправілі. Кучук робіць выснову, што "фармальна забароны няма".
Пачатак грамадскай кампаніі "Астравецкі шлях" быў анансаваны ў пачатку красавіка. Яе мэта — дамагчыся спынення будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне. 26 дня кожнага месяца плануецца праводзіць вулічныя акцыі ў гарадах паміж Мінскам і Астраўцом. Першым горадам, у якім мусіла адбыцца акцыя, прызначылі Заслаўе. Заяўку на мітынг і шэсце падалі 11 траўня.