Жанчыну, якая трапіла ў СІЗА пасля бойкі з кантралёрамі, адпусцілі з-пад варты
14 сакавіка ў Баранавічах з-пад варты выйшла Любоў Базылевіч, якую разлучылі з дзіцем і арыштавалі проста ў радзільні. Жанчыну вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, піша "Intex-press".
22-гадовая Любоў Базылевіч правяла ў СІЗА больш за два тыдні. Пакуль яна была пад вартай, яе нованароджанае дзіця ляжала ў лякарні. Маці Любы збірала дакументы для афармлення апекі над малым і яшчэ двума яе дзецьмі, якія засталіся ў Жыткавічах.
Бліжэйшым часам маладая маці плануе забраць свайго сына з лякарні і з'ехаць дадому ў Жыткавічы. Яе свякроў па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА.
Як паведамлялася раней, канфлікт адбыўся 17 лютага. Любоў Базылевіч разам з маці і свякрухай ехала ў жаночую кансультацыю і ў аўтобусе напаткала кантралёраў. Талон маладой жанчыны быў прабіты двойчы, і кантралёры запатрабавалі заплаціць штраф. Грошай у жанчын не было, успыхнуў канфлікт. Пасля бойкі з кантралёрамі хуткая дапамога забрала цяжарную жанчыну ў радзільню. Увечары ёй зрабілі кесарава сячэнне. А 24 лютага, калі Любоў Базылевіч з дзіцем рыхтавалася да выпіскі, яе арыштавалі, а сына перавялі ў дзіцячую лякарню на штучнае гадаванне.
У Баранавічах жанчыну забралі з радзільні ў ізалятар часовага ўтрымання
Суд Баранавіцкага раёна адмовіўся змяніць меру стрымання для арыштаванай жанчыны. Толькі Брэсцкі абласны суд задаволіў хадайніцтва адваката і пастанавіў вызваліць Любоў Базылевіч з-пад варты.