Жодзінскага пенсіянера асудзілі за забойства на 13 гадоў

Жодзінскага пенсіянера асудзілі за забойства на 13 гадоў

Суд Жодзіна асудзіў Яўгена Шульгу на 13 гадоў пазбаўлення волі за забойства Дзмітрыя Кавалёнка. Паводле прысуду мужчына таксама абавязаны выплаціць пацярпелым (жонцы і бацькам забітага) 60 тысяч рублёў за маральную шкоду, піша tut.by.

63-гадовага Яўгена Шульгу прызналі вінаватым у незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй і забойстве. 

У сваім апошнім слове падсудны заявіў, што на апраўданне не спадзяецца, злачынства загадзя не планаваў, атрымалася выпадкова.

Інцыдэнт, які прывёў да суда адбыўся ў снежні 2017 года. Яўген Шульга адным стрэлам забіў роднага брата свайго зяця, які раней загінуў у ДТЗ. 

Пасля ДТЗ сваякі дзялілі маёмасць. У 2011 годзе яны заключылі міравое пагадненне. Паводле дакументаў, дачцэ і ўнучцы абвінавачанага адышлі крама, нежылое памяшканне (крама ў склепе), грузавы аўтамабіль "Мерсэдэс-Бенц" 1994 года, зямельны ўчастак, катэдж у 500 квадратных метраў, аўтамабіль "Опель" 1998 года выпуску. Бацькам загінулага бізнэсоўца дасталася чатырохпакаёвая кватэра і тавар у арандаванай краме.

Прысуд па справе Шульгі не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі