Журналіст Зміцер Лупач пасля суда трапіў у рэанімацыю
Глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач пасля суда апынуўся ў рэанімацыйным аддзяленні лякарні, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Як распавядала Еўрарадыё, 11 траўня яго судзілі за ўдзел у сустрэчу з відэаблогерам Сяргеем Ціханоўскім і журналісцкую працу без акрэдытацыі. Лупачу прысудзілі 10 сутак арышту і 1215 рублёў штрафу (45 базавых).
Пасля заканчэння суда журналіста чакалі міліцыянты з машынаю. Яны ўжо мелі ў руках завераную пастанову суда, хоць сам Лупач яе пакуль так і не атрымаў.
Пасля судовага працэсу Лупачу стала дрэнна ў будынку суда. Жонка памерала ціск — ён быў высокі, і яна выклікала хуткую. Фельчар хуткай дапамогі пацвердзіла, што ў мужчыны здарыўся гіпертанічны крыз.
Журналіста адвезлі ў Глыбоцкую раённую лякарню. Машыну хуткай дапамогі суправаджаў міліцэйскі аўтамабіль. Жонка распавяла, што ў лякарні Лупача паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.