Журналіста са Светлагорска аштрафавалі за падпіску на "экстрэмістаў"
Раней Андрэя Ліпскага ўжо затрымлівалі разам з калегамі па тэлеканалу "Ранак" / @viasna96
Праваабаронцам стала вядома пра суд над журналістам інфармацыйнага рэсурсу "Ранак" са Светлагорска Андрэем Ліпскім. Сілавікі прыйшлі да яго з ператрусам 2 жніўня. Падставай, як гаварылася ў пастанове, былі "абразы і пагрозы ў Telegram-чаце на адрас супрацоўніка Следчага камітэта".
У Ліпскага шукалі беларускую сімволіку. Нічога не знайшлі, але забралі два смартфоны: адзін — журналіста, другі — яго маленькай дачкі. Самога Ліпскага павезлі ў РУУС, дзе на яго склалі пратакол аб "экстрэмісцкіх матэрыялах". У яго знайшлі падпіскі ў YouTube на каналы "Жыве Беларусь" і "Телеканал "Прямий", а ва "УКантакце" — на групу "Чай з малінавым варэннем". Да суда Ліпскага змясцілі ў ІЧУ Светлагорскага РАУС. Суд адбыўся на наступны дзень. Журналіста прыгаварылі да штрафу ў 20 базавых велічынь. Смартфон суд пастанавіў канфіскаваць.
Раней Ліпскага ўжо затрымлівалі разам з калегамі пасля публікацыі інфармацыі аб выбуху на цэлюлозна-кардонным камбінаце, дзе загінулі людзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.