Жыхар Шаркаўшчынскага раёна стварыў сямейную рэліквію (фота)

Жыхар Шаркаўшчынскага раёна стварыў сямейную рэліквію — вышыў радавод на палатне. Як кажа Язэп Квач, гэтая ідэя ўзнікла тады, калі сыну трэба было ў школе зрабіць радавод. Ім захацелася стварыць штосьці арыгінальнае. І вось чатыры месяцы, ад асенніх да вясенніх канікулаў, яны вышывалі свой радавод на палатне.

Вось што распавядае Язэп Квач: "У цэнтры — самае магутнае дрэва наша — дуб, зямля пад белымі крыламі, пад бусламі, нашы нацыянальныя святыні: бел-чырвона-белы сцяг, Крыж Ефрасінні Полацкай, дарэчы, дакладная копія, усё на камп’ютары. Гэта мы вышывалі з сынам усю зіму, чатыры месяцы".

Аўтар сямейнай рэліквіі кажа, што радавод яны перавярнулі, продкаў паказалі зверху, як крону, "бо яны ўжо ў небе", а дзяцей змясцілі знізу, у выглядзе жалудоў, якія "дадуць новыя ўсходы". Дарэчы, у Язэпа Квача ўжо з’явілася ўнучка. Крона выкананая ў выглядзе абрысаў Беларусі.

Працягвае Язэп Квач: "Я лічу — гэта мая сямейная рэліквія, я так лічу, што не дай Бог які пажар, першае, што я вынес бы з хаты, гэта яе. Чаму? Таму што тут усе мае продкі, вось тут справага боку —па беларускай лініі, а з левага — па ўкраінскай. Мая жонка — украінка".

Спадар Язэп працаваў настаўнікам у Жукоўшчыне. Зараз школу зачынілі, і ён працуе сацыяльным работнікам. У акрузе яго добра ведаюць як краязнаўцу, этнографа, паэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі