Жыхары вёскі ў Магілёўскай вобласці самі адрамантавалі дарогу
Жыхары вёскі самі робяць ямачны рамонт. Дарожнікі бясплатна забяспечылі іх матэрыяламі і тэхнікай.
Вёска Севасцьянавічы знаходзіцца ў дваццаці хвілінах язды ад Магілёва. Дачнікаў і мясцовых жыхароў тут прыкладна пароўну. Шмат у каго ёсць аўтамабілі. І галоўны вораг гэтых аўтамабіляў — дарогі.
У Іллі Палоннікава, каардынатара кампаніі "За дарогі Магілёў", у Севасцьянавічах дача. Увесну яму надакучыла разбіваць свой аўтамабіль на ямах і выбоінах, і ён звярнуўся да ўладаў, каб яны вырашылі праблему.
"Дваццаць гадоў таму тут упершыню паклалі асфальт. Больш ён ніколі не рамантаваўся. Калі гарвадаканал пракладваў камунікацыі, вуліцу разрывалі, пасля чаго нармальна перасоўвацца па ёй стала складана. Ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага даведаліся, што на рамонт мясцовых і пад'язных дарог вылучаюцца сродкі. Мы падумалі, чаму б нам гэта не скарыстаць. Былі перапіскі з начальнікам дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №128 Аляксандрам Смірновым і гендырэктарам "Магілёўаблдарбуда" Сяргеем Новікавым. Ад іх даведаліся, што асноўная праблема — гэта недахоп людзей. На сходзе вёскі вырашылі, што мы самі можам зрабіць ямачны рамонт. Прапанавалі дарожнікам, яны пагадзіліся, забяспечыўшы нам матэрыялы і тэхніку", — распавёў Палоннікаў.
Па словах актывіста, у вёску цягам тыдня прывезлі трыццаць тон асфальтагрануляту і такую ж колькасць пясчана-гравійнай сумесі. Каля пяцідзесяці чалавек вызваліся ўзяць удзел. У суботу, 23 верасня, людзі працавалі насупраць сваіх дамоў.
На думку Іллі Палоннікава, прыклад Севасцьянавічаў паказальны для іншых малых населеных пунктаў:
"Сваёй мэтай я паставіў паказаць людзям з іншых месцаў, што праблемы вырашальныя сваімі намаганнямі. Лепш нешта рабіць, чым не рабіць нічога, нават калі чыноўнікі не варушацца".
Мясцовыя лічаць, што рамонт доўга не пратрымаецца і ўжо наступнай вясной ямы ў асфальце з’явяцца зноў.
Палоннікава гэта ніколькі не бянтэжыць:
"Да вясны лепш ездзіць не па ямах. А што нам перашкаджае вясной зрабіць яшчэ адзін ямачны рамонт? А можна і зусім сказаць чыноўнікам, што замест пастаяннага расходу матэрыялаў лепш адзін раз усё заасфальтаваць".
Уся праца заняла некалькі гадзін. Пагрузчык набіраў у коўш сумесь, высыпаў на дарогу. Жыхары жыва разносілі чорную і карычневую масу па найбольш праблемных месцах, але яе не хапала.
"Каб паўнавартасна зрабіць дарогу, нам трэба яшчэ як мінімум столькі ж", — выказаліся мясцовыя жанчыны.
У ідэале Севасцьянавічы мараць аб асфальце. Аднак нават такі рамонт яны лічаць поспехам. У тым ліку і таму, што даказалі іншым — праблемы вырашаць можна самім.