Злодзеі скралі ў Клімавічах сейф з доларамі і знялі відэа, як да іх дабраліся
У сейфе ляжалі долары / Кадр з відэа
Злодзеі скралі ў Клімавічах са здымнай кватэры металічны сейф з доларамі. Здарэнне адбылося ў канцы ліпеня. Пацярпелы з сям'ёй у той дзень ездзіў у Мінск. Калі вярнуўся, пабачыў, што злодзеі вынеслі сейф. Зламыснікаў затрымалі ўжо праз некалькі дзён. Мужчынам 40 і 42 гады. Яны даведаліся, што ў адной кватэры ёсць металічны сейф з буйной сумай грошай — іх уладальнік добра зарабляў і планаваў набыць кватэру.
Каб трапіць у кватэру шматпавярховіка, адзін з мужчын спусціўся з даху на незашклёны балкон на 5 паверсе. Далей ён адчыніў дзверы свайму таварышу. Дзейнічалі яны асцярожна і амаль не пакінулі слядоў. Сейф не змясціўся ў заплечнік, і яны яго вынеслі на руках.
Зламыснікі выехалі за горад, на беразе возера спалілі сваё адзенне і з дапамогай падрыхтаваных інструментаў адчынілі сейф. Адзін з іх здымаў увесь працэс на мабільны тэлефон. Цяпер гэта відэа далучана да крымінальнай справы. Яе распачалі па факце "крадзяжу, які здзейснены арганізаванай групай у асабліва буйным памеры".
Дарэчы, у сейфе было больш за 25 тысяч долараў. Частку грошай мужчыны паспелі патраціць — купілі ровар, залатыя вырабы ды іншае. Раней яны мелі праблемы з законам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.