Злотнікаў: Без крэдытаў і інвестыцый валюта будзе толькі даражэць
Эканаміст Леанід Злотнікаў распавёў Еўрарадыё пра развіццё сітуацыі на беларускім валютным рынку.
Леанід Злотнікаў: На намінальны курс долара ў Беларусі ўплываюць два працэсы: інфляцыя і прыток/адток валюты з краіны. Калі прыток будзе вялікі, курс долара можа падаць нават і ва ўмовах інфляцыі. Калі прытока не будзе, нават ва ўмовах стабільных цэнаў долар будзе ўмацоўваць пазіцыі. Чакаць умацавання курсу беларускага рубля можна толькі ў тым выпадку, калі Беларусь атрымае нейкі замежны крэдыт альбо інвестыцыі. Пакуль жа ж нейкіх істотных прытокаў замежнай валюты не чакаецца. Таму, на мой погляд, яна будзе даражэць.
Курсы валют, акцыяў, цэны на рынку тавараў могуць зніжацца альбо павышацца нават за вельмі кароткі час. Такія сутачныя выпадковыя ваганні не з’яўляюцца тэндэнцыяй. Тэндэнцыя — гэта калі мы назіраем, што курс расце ці падае на працягу нейкага адносна працяглага перыяду. Таму зрабіць прагноз па зменах, што адбываюцца цягам аднаго дня, немагчыма. Статыстычныя дадзеныя сведчаць пра тое, што рублёвая маса за апошні час вырасла на 9%. А гэта небяспечна для эканомікі, бо паміж эмісіяй і курсам валютаў прамая сувязь.
Эканаміст не лічыць, што простыя беларусы змогуць добра зарабіць на ваганні курсаў валют.
Леанід Злотнікаў: Я б не раіў людзям, якія не ведаюць законаў макраэканомікі, спрабаваць зарабіць на валютным рынку. Яны не ведаюць тэндэнцый. У адзін дзень такія людзі заробяць, а на другі згубяць тое, што зарабілі. Можна выпадкова выйграць і прайграць. Зарабіць можа толькі той, хто мае цэлую торбу валюты, каштоўных папераў і аналізуе сітуацыю.
Паводле слоў Злотнікава, галоўная прычына валютных праблемаў у Беларусі — дэфіцыт гандлёвага балансу.
Леанід Злотнікаў: За апошні час ён крыху знізіўся, таму беларуская эканоміка адчула палёгку. Аднак галоўная прычына нашых бедаў — неэфектыўнасць беларускай эканомікі. Пакуль не будзе рэформаў, гэтая неэфектыўнасць не дазволіць павысіць узровень жыцця беларусаў.