Знайшоўся былы ўласнік аўто, на якім ездзяць нападнікі на "Крокус Сіці Хол"
Меркавана, нападнікі на "Крокус Сіці Хол"
"Новая газета Еўропа" знайшла былога ўладальніка аўтамабіля, на якім тэрарысты прыехалі ў "Крокус Сіці Хол". Гэта 24-гадовы жыхар Цвярской вобласці Расіі.
Ён кажа, што прадаў аўто прыкладна тыдзень таму — брату жонкі:
— Гэта была мая машына. Я калі сам бачыў гэтыя фоткі [з месца тэракту], быў у шоку. Не ведаю, што мне рабіць. Я спрабаваў датэлефанавацца брату жонкі, ён цяпер не бярэ слухаўку. Ён казаў, што гэтая машына патрэбная яго сябру.
Былы ўладальнік аўто сам прыйшоў з гэтай інфармацыяй у расійскую паліцыю.
Тэракт у “Крокус Сіці Хол” адбыўся ўвечары 22 сакавіка. Узброеныя мужчыны ўварваліся ў канцэртную залу і пачалі страляць. Таксама яны разлілі гаручую вадкасць і падпалілі яе. Відавочцы распавядаюць, што чулі выбухі. Пачаўся пажар, ахвярамі якога таксама стала шмат людзей.
Нападнікі з'ехалі з месца здарэння на белым "Рэно" (па некаторых звестках, аўтамабіляў было два). Іх шукалі некалькі гадзінаў. Раніцай 23 сакавіка з'явілася інфармацыя, што двое падазраваных ва ўчорашнім тэракце затрыманыя непадалёк ад мяжы Расіі з Беларуссю. Гэта нібыта грамадзяне Таджыкістана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.