Зону гасціннасці ля Палаца спорту могуць пакінуць і пасля чэмпіянату

Падчас дакладу аб сітуацыі па правядзенні чэмпіянату Аляксандр Лукашэнка прапануе пакінуць зоны гасціннасці і пасля спаборніцтваў.

“Думаю, і арганізацыі будуць зацікаўленыя ў падобным гандлі. Трэба стварыць гэтыя ўмовы і захаваць гэта. Больш за тое, досвед Мінска павінен быць перанесены на іншыя буйныя гарады — вось вам і ўнутраны рынак”, — перадае БелТА словы кіраўніка краіны.

Праз два дні ў Міністэрстве гандлю ўжо далі даручэнні па зонах гасціннасці: пакінуць не ўсе, але часткова зоны могуць застацца.

“Мы даручылі Галоўнаму ўпраўленню рынка Мінгарвыканкама, каб унеслі прапанову аб далейшым функцыянаванні гэтых зон. Каля Палаца спорту пляцоўка добрая, яна ўпісваецца. А каля “Алмі” паркоўка, там яна не ўпісваецца. Што тычыцца Лядовага палаца, там таксама можна пакінуць. Але вырашаць будзе Мінгарвыканкам. Мы будзем хадайнічаць”, — у Мінгандлі ўжо падумваюць, як пакінуць зоны гасціннасці пасля чэмпіянату.

У іншых гарадах замест “зон гасціннасці” ёсць летнія кавярні, працягваюць у Мінгандлі:

“Кожны год адкрываецца вясенне-летняе дробная розніца: крамы выстаўляюць столікі. Гэта было і будзе. А спецыяльна штосьці — гэта ўжо выканкамы, напэўна, прадумваюць”, — расказваюць Еўрарадыё ў міністэрстве.

Пакінуць “зоны гасціннасці” у тым жа фармаце немагчыма, адразу кажуць у “Галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама”.

“Гэта вельмі напружаная праца. Гэта ж часовы гандаль, і ў такім каласальным фармаце гэта вельмі цяжка. Цяпер мы ў стане духоўнага пад’ёму, таму спраўляемся. Гэта працягнуць у тым жа рэжыме немагчыма. Мяркуем, што на Нямізе можна было б пакінуць”, — кажуць ва упраўленні.

У сетцы крамаў “Азарэнне”, якая гандлюе ў “зонах гасціннасці” пакуль узважваюць усе плюсы і мінусы ад чэмпіянату. Але прызнаюць, што ў такім рэжыме працуецца нялёгка.

“Мы падлічым, высветлім, які быў прыбытак, якія траты, пасля вырашым. Але ў такім рытме, як цяпер, мы не вытрываем. Дакладна можна сказаць, калі ўсё падлічым, бо прадаўцы сёння працуюць з трайной нагрузкай”, — расказваюць у сетцы крамаў.

За 11 дзён чэмпіянату свету на арэнах і ў зонах гасціннасці нагандлявалі на 3 мільёны долараў. Толькі ў зоне гасціннасці каля Палаца спорту зарабілі больш, чым на 1 мільён долараў. Тут выпілі 47 тысяч літраў піва і з’елі 12 тон шашлыку.

Сёння ў Мінску працуюць тры “зоны гасціннасці”, некторыя адкрытыя для наведнікаў з ранку да 3-й гадзіны ночы.

Фота: blizko.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі