ЗША і Вялікабрытанія нанеслі новыя ракетныя ўдары па хусітах у Емене
Авіяўдары былі нанесены па васьмі цэлях у Емене
ЗША і Вялікабрытанія нанеслі новыя ракетныя ўдары па хусітах у Емене. Былі атакаваны падземнае сховішча і іншыя аб'екты — "ракетны і разведвальны патэнцыял". Пентагон паведаміў пра сумесныя авіяўдары па васьмі цэлях у Емене. Частка з іх была ў сталіцы Сане.
Хусіты, якія маюць падтрымку Ірана, наносяць удары па караблях, якія, на іх думку, звязаныя з Ізраілем і праходзяць па важным гандлёвым маршруце праз Чырвонае мора. Каб аслабіць магчымасці групоўкі, ЗША і Вялікабрытанія ў ноч з 11 на 12 студзеня нанеслі маштабны ракетны ўдар па аб'ектах хусітаў (больш чым па 60 цэлях на 16 аб'ектах). Наступны ўдар быў нанесены 18 студзеня.
Кааліцыя для абароны суднаходства ад хусітаў была створана ў снежні 2023-га. У яе ўвайшлі ўжо больш за 20 краін, але рэальныя сродкі супраць еменскай групоўкі у выглядзе караблёў у Чырвоным моры і авіяцыі ў рэгіёне маюць толькі ЗША і Вялікабрытанія.
"Наша мэта па-ранейшаму заключаецца ў дээскалацыі напружанасці і аднаўленні стабільнасці ў Чырвоным моры, але мы яшчэ раз папярэджваем кіраўніцтва хусітаў: мы без ваганняў будзем абараняць жыцці людзей і свабодны гандаль на адным з самых важных водных шляхоў у свеце", — гаворыцца ў заяве Пентагона.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.