ЗША: ПВК "Вагнер" страціла больш за 30 тысяч чалавек ва Украіне
Магілы вагнераўцаў на могілках каля станіцы Бакінская ў Краснадарскім краі, Расія, 22 студзеня 2023 году / REUTERS / Stringer
Расійская прыватная ваенная кампанія "Вагнер" страціла больш за 30 тысяч чалавек з моманту ўварвання Расіі ва Украіну. З іх каля 9 тысяч чалавек забітыя, паведаміў Белы дом.
Па ацэнках ЗША, 90% вагнераўцаў, забітых ва Украіне са снежня, былі асуджанымі. Таксама палова смерцяў адбылася з сярэдзіны снежня, паколькі баявыя дзеянні у Бахмуце ўзмацніліся, адзначае афіцыйны прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі.
Кірбі кажа, што група наймітаў паступова дамаглася поспехаў у Бахмуце і яго ваколіцах за апошнія некалькі дзён, але на гэта сышло шмат месяцаў, і гэта абышлося "зруйнавальнай цаной".
— Магчыма, у канчатковым выніку яны даб'юцца поспеху ў Бахмуце, але гэта не прынясе ім рэальнай карысці, таму што гэта не ўяўляе рэальнай стратэгічнай каштоўнасці.
Кірбі дадае, што ўкраінскія сілы захоўваюць моцную абарону.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.