Зяленскі: каранавірус такі ж нябачны, як радыяцыя пасля аварыі на ЧАЭС
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў чарговым відэазвароце заклікаў грамадзян заставацца дома.
"Я яшчэ раз прашу вас пасталець! — кажа Зяленскі. — Ведаеце, ёсць вядомы факт, як пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ўлада збірала людзей на першамайскія дэманстрацыі. І ніхто тады не баяўся, таму што "радыяцыя нябачная". Дык вось — каранавірус таксама нябачны".
Цяпер жа сітуацыя іншая, падкрэслівае прэзідэнт Украіны. Людзей просяць не выходзіць са сваіх дамоў і кватэр. "Пляжы ніхто не скрадзе і пясок вагонамі не вывезе, — працягвае Уладзімір Зяленскі. — Паркі нікуды не знікнуць. Прагулкі — пачакаюць, а шашлыкі могуць вылезці бокам".
Украінскі прэзідэнт спрабуе пераканаць грамадзян, што яны мусяць усвядоміць, якая існуе небяспека, і пэўны час пацярпець. А пасля ён паабяцаў адзначыць "агульную перамогу [над каранавірусам] на плошчах, у парках, на пікніках і пляжах".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.