18:23 Таццяну Севярынец пагражаюць звольніць з працы

Аддзел адукацыі Першамайскага раёну Віцебска рыхтуе дакументы на звальненне з працы Таццяны Севярынец, маці моладзевага лідэра Паўла Севярынца. Падрабязнасці ў рэпартажы нашай віцебскай карэспандэнткі Ядвігі Сташэўскай.
“Таццяна Севярынец працуе настаўніцай у сярэдняй школе № 40. У яе больш як 35 гадоў педагагічнага стажу, і за ўвесь гэты час яна не мела аніводнага дысцыплінарнага спагнання. Тым не менш спадарыню Севярынец намагаюцца звольніць… за прагулы.

Таццяна распавяла “Ешрапейскаму радыё”, як напісала заяву на адпачынак за ўласны кошт па сямейных абставінах на час вясенніх вакацыяў, з 26 па 31сакавіка. Заяву падпісаў дырэктар школы, а кіраўнік аддела адукацыі даў сваю згоду у тэлефоннай размове.

Падчас адпачынку спадарыня Севярынец наведала дачку, якая жыве у Менску, а таксама узяла удзел у педагагічным семінары ў Варшаве. Вярнуўшыся дадому, спадарыня Севярынец даведалася, што яе збіраюцца звольніць за прагулы.

Паводле спадарыні Севярынец, яна мела непрыемную размову з кіраўніком аддзела адукацыі Першамайскага раёну Уладзімірам Шломай, які прапанаваў ёй “кінуць займацца палітыкай, каб ўсё было добра”. Калі з’явіцца загад аб звальненні, спадарыня Севярынец мяркуе звярнуцца ў суд.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі