2morrow2late “My Best Enemy”

Другі альбом мінчан 2morrow2lateMy Best Enemy” — відавочны крок наперад. Прычым па большасці параметраў: стылістычным, якасным, музычным… Але мае ён і адну вельмі сур’ёзную хібу. Калі браць дэбютнік гурта “Songs That Make You Happy”, то на ім музыкі абсалютна дакладна прагнулі сучаснага гранжавага гучання, і ў іх гэта часам атрымлівалася. Але пры гэтым хлопцаў немагчыма было абвінаваціць у адкрытым капіяванні тых ці іншых гуртоў. На новым жа альбоме амаль кожны трэк нібы спісаны рыфава, меладычна, кампазіцыйна, эмацыйна і г.д.

Адчуванне, што ўсё гэта ўжо калісьці выконвалі Placebo, Muse, Queens of the Stone Age... То бок 2morrow2late страцілі індывідуальнасць, так яе да канца і не аформіўшы. Шкада, бо ўзровень выканання высокі, і, калі абстрагавацца ад вышэйсказанага, музыкі граюць вельмі якасны, круты, а самае галоўнае сапраўды сучасны, мэйнстрымавы ракешнік. З такім гучаннем і падачай можна смела выходзіць з клубных пляцовак і пачынаць заваёўваць стадыёны.

My Best Enemy” не мае прахадных трэкаў, а калі нешта раптоўна не прымаецца пасля першага праслухоўвання, то пасля другога ўжо пачынае падабацца. Толькі адсутнасць правалаў і захапленняў не ідзе на карысць дыску. 14 трэкаў пачынаюць прыядацца ўжо на палове, а бліжэй да 10-й песні рэальна стамляешся і губляеш нават паўзы паміж нумарамі.

Менавіта праз апошнюю, 14-ю пазіцыю на дыску вельмі прыгожая і таленавітая балада “Close” губляецца. Не ратуе нават яе дуэтнае выкананне разам з лідаркай Harotnica Валерыяй Валадзько. Прыемна здзіўляе і з’яўленне саксафона на “Tear The Chains”. Трэк даказвае, што рухацца музыкам ёсць куды. Гэта не значыць, што сакс цяпер мусіць гучаць паўсюль, але такія эксперыменты практыкаваць трэба, бо яны ў 2morrow2late выдатна атрымліваюцца.

Для канчатковага поспеху 2morrow2late засталося вызначыцца, якім шляхам рухацца далей і што для іх будзе лепш. Працягваць у такім жа кірунку ды граць музыку-копію сучасных заходніх зорак ці ўсё ж паспрабаваць знайсці нешта сваё, не губляючы ўжо напрацаванай якасці ды энергетыкі. Спадзяюся, што на трэцім альбоме музыкі зробяць выбар на карысць другога варыянту!

  • Трэк-ліст:
  • 01 – Be Yourself
  • 02 – Rock’n’Roll
  • 03 – Killing Me
  • 04 – Playing the Game
  • 05 – If I
  • 06 – Tear the Chains
  • 07 – Better
  • 08 – Bridge the Gap
  • 09 – In Love With Risk
  • 10 – On&On
  • 11 – Sick
  • 12 – Slow Down, Speed Up
  • 13 – Under the Heel
  • 14 – Close
  •  
  • Склад гурта:
  • Зміцер Вініцкі (Jim Win) – вакал, гітара
  • Валянцін Мурын – бас-гітара
  • Андрэй Каротчанка – бубны, бэк-вакал
  •  
  • Удзел у запісе:
  • Vox Mira – бэк-вакал (2,12)
  • Ілля Каскелайнэн – саксафон (6)
  • Mr.Short ака Андрэй Каротчэка – вакал (11)
  • Валерыя Валадзько – вакал (14)
  •  
  • Звядзенне, майстарынг – Зміцер Вініцкі, Зміцер Бразілец
  •  
  • Музыка – 2morrow2late
  •  
  • Тэксты – Зміцер Вініцкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі