Прэзентацыя на Еўрарадыё: Сінгл "Alive" ад 2Morrow2Late

Мінскі гурт 2Morrow2Late прадстаўляе на Еўрарадыё новы сінгл "Alive", які складаюць два трэкі: загалоўны "Alive" і "Gravity". Кампазіцыі дэманструюць цяперашні стан гурта, які напрыканцы мінулага года змяніў удзельнікаў — у каманду прыйшлі гітарыст Аляксандр Грыгор'еў і басіст Міхаіл Заслаўскі, вядомыя сваім удзелам у кавер-бэндзе "Doodah King", камандзе My Ocean ды супрацоўніцтвам з Дзмітрыем Калдуном.


Лідар 2Morrow2Late Дзмітрый Вініцкі называе сінгл першым сумесным крокам абноўленага гурта, дзе кожны ўдзельнік можа рэалізаваць сябе не толькі, як музыка, але і як кампазітар.


"Ва ўсіх сваіх праектах хлопцы граюць чужую музыку. Але яны не толькі музыканты, яны яшчэ і кампазітары, якія пастаянна нешта сваё пішуць, і якім не хапае рэалізацыі ў гэтым плане. Таму мы вырашылі абнавіць 2MORROW2LATE і даць магчымасць рэалізоўваць сябе ўсім удзельнікам", — распавядае Дзмітрый


Адпаведна, абодва трэкі сінгла — вынік сумеснага музіцыравання. Напрыклад, музыку да "Alive" напісаў Грыгор'еў, Вініцкі — словы, а аранжыроўка "Gravity" стваралася ўсімі музыкамі.


"Гучанне гурта з-за гэтага вельмі моцна пачало змяняцца. Песні ў параўнанні са старым 2MORROW2LATE гучаць па-іншаму. Яны — паказчык таго, як змяняецца наша музыка і як змяняемся мы, — працягвае Дзмітрый.Але ў нас няма мэты зрабіць музыку больш цяжкай ці папсовай. Наша мэта — зрабіць яе прыгожай і якаснай. Таму, калі параўнаць гэтыя дзве песні, адна атрымалася больш хардрокавай, а іншая — попрокавай. Яны розныя. Мы не "заганяемся" па стылістыцы і не намагаемся прытрымлівацца нейкага аднаго кірунку. Мы спрабуем рабіць па-рознаму і як нам хочацца".


Паслухаць новыя песні 2Morrow2Late на жыва можна на канцэрце гурта 23 жніўня ў мінскім клубе TNT.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі