5 самых гучных арыштаў дзеячаў культуры ў Беларусі
Акцёра Купалаўскага тэатра Арцёма Бародзіча асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Такое рашэнне ў сераду, 2 сакавіка, вынес суддзя Аляксандр Рудэнка ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Пракурор патрабаваў для Бародзіча 6 гадоў зняволення.
Артыста прызналі вінаватым у захоўванні марыхуаны з мэтай распаўсюду (частка 2 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Сам Бародзіч падчас судовага працэсу прызнаўся, што ўжывае марыхуану апошнія шэсць гадоў. Па яго словах, наркотыкі ён захоўваў для сябе і не збіраўся распаўсюджваць. Еўрарадыё згадвае яшчэ чатыры выпадкі, калі ў Беларусі судзілі вядомых дзеячаў культуры.
Дырэктар прадзюсарскага цэнтра “Клас-Клуб ДК” Генадзь Шульман
Прадзюсара, які меў ліцэнзію на вядзенне канцэртнай дзейнасці пад №1, асудзілі ў снежні 2010 года на шэсць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Шульмана абвінавачвалі па трох артыкулах. Па двух (“Хуліганства” і “Нанясенне маёмаснай шкоды”) апраўдалі, а па артыкуле “Махлярства” прызналі вінаватым. Па версіі суда, ён пазычаў грошы і не вяртаў іх у тэрмін. Называлася сума ў больш чым 485 мільёнаў рублёў, якую Генадзь Шульман павінен быў выплаціць пацярпелым.
У 2013 годзе Шульмана з калоніі перавялі на вольнае пасяленне, а потым увогуле на “хімію” ў Мінск. Канчаткова Шульман вызваліўся восенню 2015-га і амаль адразу ўладкаваўся працаваць адміністратарам дуэта Ціхановіча і Паплаўскай.
Вакаліст “Голай манашкі” Фёдар Жывалеўскі
У 2009 годзе даволі вядомага ў Беларусі рокера абвінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — незаконны абарот наркотыкаў і арганізацыя прытону для іх спажывання. Яму пагражала нават 13 гадоў турмы.
Сябры Жывалеўскага расказвалі, што музыканта затрымалі на лесвічнай пляцоўцы, калі той выкідаў смецце. Акурат як у справе Бародзіча. Падчас ператрусу ў кватэры Жывалеўскага знайшлі наркатычныя рэчывы. Жывалеўскі, як і Бародзіч, прызнаў віну толькі ў частцы 1 арт. 328 — незаконны выраб наркотыкаў без мэты продажу.
Справа 2009 года для лідара "Голай манашкі" была не першай. Раней яго судзілі за крадзеж, падробку дакументаў і ўцёкі з месца абмежавання волі, за што Жывалеўскі адбыў пакаранне ў 1,5 года турмы.
У выніку Жывалеўскага прызналі вінаватым па ч.1 артыкула 328 і прысудзілі да 3 гадоў калоніі. За кратамі музыка прасядзеў 2 гады і 1 месяц, пасля чаго выйшаў на волю. Цяпер па-ранейшаму займаецца музыкай.
Дырэктар “Белдзяржцырка” Таццяна Бандарчук
Крымінальная справа ў дачыненні да Таццяны Бандарчук была распачатая вясной 2013 года. “Прынцэсу” беларускага цырка падазравалі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Генпракуратуру зацікавіла тое, як прадаваліся квіткі ў цырк, страхавалі замежных артыстаў, выплачвалі прэміі, былі незразумелыя гісторыі з аўтарскімі правамі на цыркавыя нумары.
У выніку ў канцы 2013 года Бандарчук у поўным аб'ёме кампенсавала нанесеную шкоду і падала хадайніцтва аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці, якое было задаволенае следчымі органамі з прычыны “актыўнага супрацоўніцтва абвінавачванай са следствам у частцы высвятлення фактычных абставінаў справы, прызнання ўласнай віны і ў сувязі з добраахвотным пакрыццём нанесенай шкоды”.
Дарэчы, для Бандарчук гэта была не першая крымінальная справа. У 2000 годзе яна была затрыманая па падазрэнні ў атрыманні хабару памерам 5000 долараў. Праўда, пазней Бандарчук вызвалілі, і да суда справа не дайшла.
Пасля гісторыі 2013 года Таццяна Бандарчук з Беларусі з’ехала і цяпер узначальвае адзін з цыркаў расійскага Санкт-Пецярбурга.
Саша Варламаў, мадэльер
У 2013 годзе Варламава асудзілі на пяць гадоў абмежавання волі з канфіскацыяй маёмасці за махлярства, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры, прысваенне маёмасці і ўхіленне ад выплаты падаткаў. Праўда, да суда мадэльер ужо правёў два гады ў СІЗА, што моцна паўплывала на яго здароўе — неўзабаве пасля прысуду Варламаў атрымаў інваліднасць.
Акрамя абмежавання волі Сашу Варламава пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на два гады. У справе Варламава было больш за 800 сведак, 400 пацярпелых, 147 тамоў дакументаў. Абскарджваць рашэнне суда Варламаў не стаў.
Цяпер мадэльер жыве ў Мінску з маці і, паводле яго слоў, мае вострую патрэбу ў сродках для існавання.