91 км Прыпяці могуць здаць у арэнду за тысячу еўра. Рыбакі пратэстуюць

91 км Прыпяці могуць здаць у арэнду за тысячу еўра. Рыбакі пратэстуюць

"Вы разумееце, што для многіх людзей гэта стане катастрофай? Мы тут жывем Прыпяццю", ― эмацыйна расказвае Еўрарадыё мазыранін Дзмітрый Багачоў. У Дзмітрыя ў горадзе крама рыбалоўных тавараў. Ён спрабуе дамагчыся адмены аукцыёну, нават пачаў збіраць подпісы. Расказвае, што гараджане падпісваюцца супраць здачы участка ракі ў арэнду цэлымі прадпрыемствамі. "Мае матывы вельмі простыя. Яны там акрамя платнага аматарскага лову збіраюцца арганізаваць прамысловы. У нас ужо гэта было некалькі гадоў таму. Тады дзейнічалі 22 брыгады. І нічога добрага з гэтага не выйшла... Людзі лавілі рыбу, а легальна здавалі ў асноўным неліквід, драбязу. Куды дзявалася нармальная рыба ― невядома. Яны і цяпер тут усё могуць вылавіць, гэта экалагічная катастрофа можа быць. Пасля засухі апошніх гадоў, у Прыпяці і так праблемы з рыбай", ― абураецца Дзмітрый.

Мазырскія рыбакі таксама непакояцца, што ў патрабаваннях да удзельнікаў аукцыёну нічога не сказана пра кошты, якія будуць вызначаныя для рыбакоў-аматараў, калі участак Прыпяці насамрэч здадуць у арэнду. У тым жа суседнім Прыпяцкім запаведніку адзін дзень рыбалкі з берага каштуе 40 рублёў, з чаўна ― 70. Улічваючы мазырскія заробкі, сумы непад'ёмныя. "Рака для нас, гэта адзінае месца адпачынку. А шмат для каго і дадатковая крыніца харчавання. І уцёмную вырашаць такія пытанні нельга", ― расказвае Дзмітрый.

Участак Прыпяці, які плануецца здаць у арэнду.

Подпісы мазыране збіраюць у электронным выглядзе і на паперы. "Цяпер запусцілі на petitions.by. Там ужо таксама 1200 подпісаў, яны будуць дасланыя ўладам. На гэтыя подпісы улады абавязаныя адказаць. Уручную таксама збіраем. Ужо каля 4000 сабралі. Заўтра панясем у Мазырскі выканкам. У Мінску таксама збіралі подпісы, там 2000 дадаткова. Іх перададуць у Міністэрства сельскай гаспадаркі, Гомельскі аблвыканкам, Адміністрацыю кіраўніка краіны. Усе падпісваюцца. Прадпрыемствы ў поўным складзе. "Гаргаз", "Энергазбыт", усе. Нумары тэлефонаў, адрас прапіскі, усё ёсць", ― расказвае Дзмітрый Багачоў.

Цікавы нюанс ― стартавы кошт аукцыёну на арэнду 91 км Прыпяці ― 2100 рублёў за год. "Гэта нават не смешна. Я за год падаткаў і заробкаў выплачваю 20 тысяч. А ў мяне крама 35 квадратаў. Гэтая сума непараўнальная з той шкодай, якую можна нанесці рацэ прамысловым ловам. Тут не ўлічаныя ні інтарэсы дзяржавы, ні людзей", ― перакананы Дзмітрый.

Як расказала Еўрарадыё адказная за правядзенне аукцыёну мазырская чыноўніца Наталля Комель, на дадзены момант пададзеная толькі адна заяўка на удзел у ім ― ад мясцовага аддзялення "Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў". Мазырскія рыбакі кажуць, што ў арганізацыі фінансавыя проблемы. Маўляў, магчыма, такім чынам збіраецца атрымаць дадатковае фінансаванне.

Аукцыён па здачы 91 км Прыпяці ў арэнду прызначаны на 22 траўня. Заяўкі прымаюцца да 16. Еўрарадыё працягне сачыць за тэмай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі