Абама патэлефанаваў Пуціну і распавёў, што ён мусіць зрабіць
Адбылася тэлефонная гутарка прэзідэнтаў ЗША і Расіі. Яна працягвалася каля гадзіны.
Барак Абама выклаў Уладзіміру Пуціну свае прапановы па вырашэнні сітуацыі вакол Украіны. Між іншым, прэзідэнт ЗША лічыць неабходным пачатак прамых перамоваў Расіі і Украіны ды ўвод міжнародных назіральнікаў на ўкраінскую тэрыторыю, якія гарантавалі б бяспеку ўсіх грамадзян. Расійскія вайскоўцы, лічыць Абама, павінны вярнуцца на свае базы. Такі дыпламатычны шлях вырашэння крызісу вакол Крыма даў бы магчымасць "захаваць інтарэсы Расіі, народа Украіны і міжнароднай супольнасці", цытуе паведамленне Белага дома УНІАН.
Прэс-служба Крамля пераказала заяву Пуціна, што "не варта псаваць адносіны з-за Украіны". Расійскі прэзідэнт агучвае свае ранейшыя тэзісы: пра "абсалютна нелегітымныя рашэнні", якія Кіеў "навязвае Усходнім і Паўднёва-Усходнім рэгіёнам і Крыму". "Расія не можа ігнараваць заклікі аб дапамозе і дзейнічае адэкватна, у поўнай адпаведнасці з нормамі міжнароднага права", — заявіў у гутарцы з амерыканскім прэзідэнтам Уладзімір Пуцін.
Фота — Reuters