Абвесткі ў мінскім метро зноў загучалі па-беларуску
У канцы жніўня, у вагонах цягнікоў падчас прыпынку пачалі гучаць новыя абвесткі пра правілы карыстання метрапалітэнам — іх агучвалі выключна па-руску.
Мінскае метро падзялілася на "цягнікі" і "паязды"
Пасля шматлікіх зваротаў грамадзян дырэктар мінскага метрапалітэну Расціслаў Юрэня паабяцаў, што абвестак на рускай мове ў метро не будзе.
Цяпер па-беларуску агучваюць не толькі назвы прыпынкаў, але і папярэджанні пра тое, што нельга заходзіць у вагоны пасля аб’явы пра закрыццё дзвярэй, і нават сацыяльную рэкламу пра эканомію электрычнасці. Можна сказаць, што метро стала цалкам “свойскім”, піша “Наша Ніва”.
Гэта не першы падобны выпадак: у канцы 2011 году ў метро на рускую мову пераклалі аўдыёролік, які заклікаў пасажыраў да ветлівасці, але пасля шматлікіх зваротаў грамадзян ізноў вярнулі беларускі варыянт абвесткі.