Адносіны беларускіх дэмсіл і Кіева значна палепшыліся — Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Украінскія ўлады змянілі стаўленне да беларускіх дэмакратычных сіл. У выніку пачалося ўзаемадзеянне. Пра гэта заявіла ў эфіры з Маркам Фейгіным і Аляксеем Арастовічам Святлана Ціханоўская. Яна нагадала, што раней украінскія ўлады "вельмі асцярожна" ставіліся да беларускіх дэмсілаў, спрабавалі захаваць стасункі з рэжымам Лукашэнкі, "не злаваць, не эскаляваць, маўляў, гэта дапаможа яго стрымаць". Але гэты разлік апынуўся няслушным, і цяпер у Кіеве сталі падзяляць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і беларускі народ. Там разумеюць, што многія беларусы падтрымліваюць Украіну ў яе імкненні абараніцца ад Расіі.

"Сам прэзідэнт Зяленскі зрабіў апошнім часам некалькі заяваў у падтрымку беларусаў. Беларусы гэта бачаць, беларусы гэта цэняць, беларусам гэта надае энергіі таксама", — заявіла лідарка беларускіх дэмсіл. Паказальна таксама, што Украіна нарэшце адклікала свайго пасла з Мінска, "гэта таксама вельмі важны сігнал", адзначыла яна. Але галоўнае — у апошнія месяцы "значна палепшыліся" адносіны Кіева і беларускіх дэмсіл.

"Кожныя два тыдні прадстаўнікі Кабінета ездзяць у Кіеў на сустрэчы на розных узроўнях. Мы вядзем працу і з МЗС, і з адміністрацыяй Зяленскага і з Вярхоўнай Радай. У Вярхоўнай Радзе ёсць група "За дэмакратычную Беларусь", — расказала Ціханоўская. Акрамя таго, рыхтуецца некалькі сумесных канферэнцый.

Аляксей Арастовіч падчас гэтай размовы прызнаў, што напачатку ўкраінскі бок сапраўды спрабаваў не раздражняць Лукашэнку, каб не справакаваць яго на актыўны ўдзел у вайне. Але цяпер сітуацыя змянілася, асабліва з моманту з'яўлення ПВК "Вагнер" на тэрыторыі Беларусі. Пасля таго, як Кіеў адмовіўся і ад нефармальных кантактаў з Мінскам, з'явілася магчымасць праявіць "вялікую адкрытасць да законна абранага прэзідэнта (Святланы Ціханоўскай — рэд.), яго ўрада, сіл і беларускага народа", — сказаў Арастовіч. На яго думку, гэтыя кантакты будуць узмацняцца. "Мы проста асуджаныя на гэта. Фаза, якая прымушала нас асцярожнічаць, скончылася. Пытанне ідзе аб уцягванні NATO у вайну, якія тут ужо асцярогі. Тут трэба дзейнічаць рашуча і праактыўна. Таму я вельмі моцна спадзяюся, што кантакты будуць інтэнсіфікавацца, станавіцца больш эфектыўнымі і пойдуць на карысць абодвум бакам і агульнай справе", — сказаў Арастовіч. Адзначым, што да студзеня 2023 года Аляксей Арастовіч быў пазаштатным дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі