"Адносіны з варожай Расіяй мусяць змяніцца" — Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская выступіла ў Кангрэсе ЗША / tsikhanouskaya.org
"Адносіны з варожай Расіяй мусяць змяніцца", — такую заяву на слуханнях у Кангрэсе ЗША зрабіла Святлана Ціханоўская.
Па словах дэмакратычнай лідаркі, Аб'яднаны пераходны кабінет ужо распрацаваў падыход на перагляд адносінаў з Расіяй. Ён прадугледжвае выхад з вайсковага саюзу з РФ і дамовы аб Саюзнай дзяржаве.
"Замест гэтага мы пачалі працаваць над еўрапейскай перспектывай для Беларусі, што будзе ўключаць далучэнне да рэгіянальных ініцыятываў і шырокага партнёрства з суседнімі дзяржавамі. Я заклікаю Кангрэс ЗША падтрымаць гэтую стратэгічную змену для Беларусі", — заявіла Ціханоўская.
Умяшанне Расіі ва ўнутраныя справы Беларусі палітык назвала самым разбуральным фактарам для дэмакратычных надзей беларусаў. "Без дапамогі Крамля Лукашэнка страціў бы ўладу яшчэ да 2020 года. Каб вярнуць пазыку, ён ідзе на незаконныя саступкі Расіі. Гэта ўключае ў сябе пагадненні аб пашырэнні расійскай ваеннай прысутнасці і перадачы эканамічнага і фінансавага кантролю Маскве. Расійскія вайскоўцы свабодна выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі, што робіць нашую краіну суагрэсарам у вайне супраць Украіны. Каб дагадзіць Маскве і вызваліць месца для рускага міру, Лукашэнка разбурае беларускую нацыянальную ідэнтычнасць, стрыжань душы нашай нацыі і супраціў знешнім пагрозам", — канстатуе Ціханоўская.
На яе думку, у пасляваенных дамоўленасцях не павінна быць месца "асаблівым інтарэсам Расіі ў Беларусі", бо такія ўмовы стануць асновай для новай нестабільнасці ў рэгіёне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.