Адзёр сёлета выяўлялі амаль ва ўсіх абласцях Беларусі

Адным з сімптомаў адру з'яўляецца сып

Адным з сімптомаў адру з'яўляецца сып / iStock

У Беларусі сёлета медыкі рэгістравалі выпадкі адру ў Мінску і амаль ва ўсіх абласцях краіны. Выключэнне склала Брэсцкая вобласць. Пра гэта піша рэсурс "Точка" са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя. Прычым большасць хворых была старэйшая за 18 гадоў.

"Больш за 30% усіх выпадкаў былі завезеныя ў краіну з тэрыторыі РФ", — адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя. У Расіі, нагадаем, сёлета здарылася ўспышка захворвання на адзёр. Былі зафіксаваныя тысячы выпадкаў. Беларускія медыкі кажуць, што ім удалося прадухіліць распаўсюд гэтай інфекцыі на тэрыторыі нашай краіны. Гэтаму паспрыялі два фактары — вакцынацыя насельніцтва і своечасова праведзеныя санітарна-супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы.

У Міністэрстве аховы здароўя таксама адзначылі, што "станам на кастрычнік 2023 года ўсе ачагі захворвання на адзёр лакалізаваныя і ліквідаваныя".

Нагадаем, што адзёр застаецца адной з прыкметных прычын дзіцячай смяротнасці ў краінах, якія развіваюцца. Гэта вострае інфекцыйнае віруснае захворванне з вельмі высокім узроўнем зараснасці. Плынь хваробы суправаджаецца высокай тэмпературай, запаленнем слізістых абалонак паражніны рота і верхніх дыхальных шляхоў, кан'юктывітам і характэрным сыпам. Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2018 годзе ў свеце ад адру загінула каля 140 тысяч чалавек, большасць з іх — дзеці ва ўзросце да пяці гадоў. У Беларусі вакцынацыя ад адру ўваходзіць у нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак і з'яўляецца абавязковай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі