Афіцыйнае беспрацоўе ў Беларусі вырасла да 1,2%
Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі вырас да 1,2%. Такія дадзеныя па стане на 1 красавіка паведамляе БЕЛТА са спасылка на ўпраўленне палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Цягам апошняга года паказнік зарэгістраванага беспрацоўя мяняўся з наступнай дынамікай: 1 красавіка 2015 года — 0,9%, 1 студзеня 2016 года — 1%, 1 лютага і 1 сакавіка — 1,1%. Прагнозны паказнік на канец года — 2%.
На ўліку ў цэнтрах занятасці на 1 красавіка стаяла 53,5 тысячы чалавек, а гэта амаль у паўтара разы болей, чым год таму. Але ж пры росце колькасці беспрацоўных на ўліку зніжаецца колькасць асобаў, якія звяртаюцца ў службу занятасці па дапамогу ў працаўладкаванні і расце попыт на працоўную сілу.
Адметна, што попыт на супрацоўнікаў рабочых спецыяльнасцяў працягвае зніжацца і складае на 1 красавіка 47,6% ад агульнай колькасці вакансіяў супраць 59,3% на 1 красавіка 2015 года.
Што да памеру заробкаў у прапанаваных вакансіях, то амаль палова з іх (48,2%) — гэта нізкааплатная праца, да 3 мільёнаў рублёў за месяц.