Афіцыйны Кіеў не верыць, што баевікі адводзяць узбраенні з лініі фронту
Так званыя "ДНР" і "ЛНР" паведамілі, што адводзяць з лініі фронту ўзбраенні калібрам менш за 100 мм.
Прадстаўнікі так званых "ДНР" і "ЛНР" заявілі пра адвод узбраенняў з лініі фронту, аднак улады Украіны не вераць гэтым заявам. Прадстаўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны па пытаннях спецаперацыі ў Данбасе Аляксандр Матузянік заявіў расійскім СМІ, што "ўсе заявы баевікоў пра тое, што яны там нешта адводзяць ці не адводзяць, не маюць пад сабой абсалютна ніякай глебы".
Матузянік кажа, што баевікі некалькі разоў паказальна адводзілі ўзбраенні перад прадстаўнікамі АБСЕ, а потым вярталі тэхніку назад і працягвалі абстрэлы, перадае РБК.
У Луганску пра пачатак адводу танкаў і бронемашын калібра менш за 100 мм паведаміў начальнік штаба корпуса Народнай міліцыі "ЛНР" Сяргей Казлоў. Па яго словах, узбраенні будуць адведзеныя не менш як на тры кіламетры ад лініі фронту. Казлоў дадаў, што адвод тэхнікі будзе праводзіцца ў прысутнасці прадстаўнікоў місіі АБСЕ. Узбраенні адвядуць па ўсёй лініі фронту, акрамя наваколляў горада Шчасце.
Намеснік міністра абароны так званай "ДНР" Эдуард Басурын таксама заявіў, што пачынаецца адвод узбраенняў з лініі судакранання. Па яго словах, завяршыць адвод плануецца на працягу дня.
Фота: РБК