Актора Вячаслава Сікору сілавікі абвясцілі ў міжнародны вышук

Актора Вячаслава Сікору сілавікі абвясцілі ў міжнародны вышук

Былога актора шэрагу тэатраў Вячаслава Сікору абвясцілі ў міжнародны вышук, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. 

На яго пачалі крымінальную справу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці), арт. 188 (паклёп), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і ч. 1 арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў).

Сікора — былы артыст шэрагу беларускіх і расійскіх тэатраў (Магілёў, Масква, Маладзечна, Шчучын), быў дырэктарам і прадзюсарам гурта "Тяни-Толкай", кінаакторам і рэжысёрам. 

Як заяўляюць у Следчым камітэце, "з жніўня па верасень 2020 года 48-гадовы жыхар Магілёва В. Сікора, выкарыстоўваючы свае старонкі ў розных сацыяльных сетках, публікаваў даступныя для вольнага прагляду відэаролікі, накіраваныя на ўзбуджэнне варожасці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці. У іх мужчына не саромеўся ў сваіх выказваннях, абражаючы прэзідэнта і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, заклікаў да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і непадпарадкавання органам улады".

Сам артыст паспеў у 2020-м эміграваць ва Украіну. Там ён з'яўляецца кіраўніком грамадскага аб'яднання "Беларуская дыяспара ва Украіне".

Следчыя дапыталі сваякоў Сікоры, правялі ператрусы ў яго дома. Забралі камп'ютарную тэхніку і мабільныя прылады. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі