Актывістка Femen, якая агалялася перад Лукашэнкам, напала на прэзідэнта Чэхіі
Актывістка Femen напала ў Празе на прэзідэнта Чэхіі Мілаша Земана. Адбылося гэта на выбарчым участку (у Чэхіі праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў). Земан прыйшоў, каб прагаласаваць. Дзяўчына падбегла да яго, агаліла грудзі, выкрыквала абразы (наконт яго сувязяў з Уладзімірам Пуціным) і спрабавала штурхануць прэзідэнта. Ахова імгненна зрэагавала і дзяўчыну жорстка затрымалі: яе кінулі на падлогу, трое мужчын скруцілі ёй за спінай рукі і вывелі з памяшкання. З участка выводзілі і Земана. Калі стала зразумела, што нічога яму не пагражае, прэзідэнт вярнуўся і прагаласаваў (дарэчы, разам з ім на выбарах налічваецца 9 кандыдатаў).
Як стала вядома, на Мілаша Земана напала Анжаліна Дзіаш. Менавіта яна ў ліпені 2017-га ў Кіеве агалілася перад Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам ды крычала “Жыве Беларусь!”.