Актывісты “Гавары праўду” ў парламент не прайшлі, але дэпутатамі сталі

Мінуў год пасля парламенцкіх выбараў і кампанія “Гавары праўду” падводзіць вынікі працы сваіх дэпутатаў. Праўда, адпаведнага пасведчання дзяржаўнага ўзору і кабінета ў мясцовай адміністрацыі яны не маюць. Затое маюць распрацаваную ў сталічным офісе кампаніі “Грамадзянскую дамову”, паводле якой і “дэпутацтвуюць”.

Намеснік лідара “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў сцвярджае: зараз у Беларусі працуе 18 офісаў “дэпутатаў Грамадзянскай дамовы”, якія сваёй працай ахопліваюць… больш за 1 мільён жыхароў краіны! А вось і невялікі прыклад выніку іх працы:

Андрэй Дзмітрыеў: “У нас ёсць такія факты ў Мінску, Бярозе і Віцебску — мясцовыя адміністрацыі прапаноўваюць нашым людзям: “Забудзьцеся вы пра “Гавары праўду” і ідзіце з гэтай праблемай працаваць да нас у адміністрацыю, дадзім вам стаўку”.

З гордасцю ўдакладняе, што ніводзін на прапанову не пагадзіўся.

Андрэй Дзмітрыеў: “Дзве прычыны: першая — у іх нізкія заробкі. Зараз падвысілі, а калі прапаноўвалі, заробкі былі нізкія...”

Еўрарадыё: А ў “Гавары праўду” большыя?

Андрэй Дзмітрыеў: “А ў “Гавары праўду” ёсць яшчэ і самарэалізацыя, а там яе няма. І гэта была другая, вельмі важная прычына. Людзі, якім рабілі гэтую прапанову, проста не вераць, што пасля пераходу яны змогуць там рабіць тое, што яны хочуць, тое, у што яны вераць. Гэта будзе сістэма, якая іх зацісне, а потым выкіне”.

Але ці ёсць у “някляеўскіх” дэпутатаў заробкі, Дзмітрыеў так і не адказвае. Затое прызнаецца, што дваіх дэпутатаў звольнілі. Выбачайце — адклікалі, з “Гавары праўду” так проста не сыходзяць.

Андрэй Дзмітрыеў: “У іх не было рэальнай працы з людзьмі — былі нейкія круглыя сталы, справаздача правільная. Але яны баяліся працы наўпроставай, калі трэба хадзіць па кватэрах, калі трэба тэлефанаваць, размаўляць. Мы не бачылі гэтых вынікаў і таму іх адклікалі. Гэта не звольнілі — давайце гаварыць правільна”.

Дарэчы, высвятляецца, што стаць дэпутатам ад ГП значна прасцей, чым у выніку выбарчай кампаніі. Праўда, ёсць жорсткія патрабаванні.

Андрэй Дзмітрыеў: “Людзі прыходзяць і кажуць: "Я гатовы стаць дэпутатам “Грамадзянскай дамовы”. Што гэта азначае? Што ты павінен заўсёды быць на сувязі, што ты абавязаны праводзіць лакальную кампанію, пастаянна быць у кантакце з выбаршчыкамі і мясцовай уладай”.

Больш за тое, быць гатовым пайсці на кулуарныя дамоўленасці з уладай. Да прыкладу, калі ўлада ўмовай супрацы ставіць закрытасць сумесных дзеянняў ад СМІ, пагаджацца. І пагаджаюцца!

Андрэй Дзмітрыеў: “Гэта залежыць ад таго, ці можна дзякуючы такой дамоўленасці нейкую праблему вырашыць, ці гэта проста спроба адцягнуць час”.

І яшчэ — “някляеўскія” дэпутаты абавязаны разбірацца ў бюджэце. Каб мець магчымасць прасачыць, куды і на што выдаткоўваецца кожны бюджэтны рубель.

Дзмітрыеў хваліцца, што вынікам настойлівасці іх дэпутатаў сталі 30 паспяховых кампаній на месцах. Дабіваюцца рамонту дарог, жылля, вырашаюць нават праблемы шматдзетных сем’яў, “знаходзяць” грошы на рамонт паліклінікі і ўстаноўку новых аўтобусных прыпынкаў. Але галоўнае — такім чынам “Гавары праўду” нібыта “стварае генерацыю тых людзей, якія павінны ўвайсці ў мясцовыя саветы і вырашаць праблемы людзей”.

Дарэчы, на бліжэйшых мясцовых выбарах кампанія плануе выставіць каля 400 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Калі знойдуць грошы на выбарчую кампанію такой колькасці людзей.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі