Алеся Пушкіна за некалькі тыдняў да смерці выключылі з Саюза мастакоў
Алесь Пушкін / Еўрарадыё
Палітвязня Алеся Пушкіна за некалькі тыдняў да ягонай гібелі выключылі з Саюза мастакоў, піша "Наша Ніва".
Рада арганізацыі выключыла з сваіх шэрагаў дзесяць мастакоў, у тым ліку Пушкіна і Уладзіміра Цэслера. Афіцыйныя прычыны выключэння розныя, а неафіцыйнай прычынай, як кажуць крыніцы, стала нелаяльнасць да ўладаў і апазіцыйныя погляды.
Пра сваё выключэнне з Саюза мастакоў Пушкін, хутчэй за ўсё, не паспеў даведацца, бо лісты да яго ў гродзенскую турму апошнім часам амаль не даходзілі. Зваротнай сувязі з палітвязнем не было цягам больш як двух месяцаў.
У сакавіку 2022 года Пушкіна за яго творчасць асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Увосень 2022-га яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі з івацэвіцкай калоніі ў турму на паўтара года.
Уначы з 10 на 11 ліпеня палітвязня прывезлі з турмы ў рэанімацыю гродзенскага шпіталя ў непрытомным стане. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, падчас аперацыі ў яго спынілася сэрца.
Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі пасмяротна ўзнагародзіў палітзняволенага мастака медалём "Гонар і годнасць".
Сёння яго хаваюць на малой радзіме — у вёсцы Бобр Крупскага раёна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.