У Бабры развітваюцца з Алесем Пушкіным
Падчас развітання / Facebook
13 ліпеня ў Бабры ў Крупскім раёне развітваюцца з Алесем Пушкіным. У Facebook з'явіўся фотаздымак. Труна стаіць каля хаты мастака. У яе паклалі яго капялюш. Алеся Пушкіна пахаваюць у вышыванцы.
"Родныя ды сябры плачуць, гледзячы на худы твар мастака, — піша сведка. — Не такім я яго памятаю з суда, два гады таму. Жонка са слязамі на вачах кажа аб тым якім сонечным чалавекам ён быў".
У 12:30 пачнецца паніхіда, у 13:30 — пахаванне.
Палітвязень Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня ў бальніцы ў Гродне, куды яго прывезлі з турмы. Мяркуецца, што за кратамі яму своечасова не аказалі медыцынскую дапамогу. Мастаку было 57 гадоў.
30 сакавіка 2022-га Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму за яго творчасць. Восенню мінулага года адміністрацыя калоніі вырашыла ўзмацніць яму пакаранне — на паўтара года перавялі ў турму № 1 у Гродне.
Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі пасмяротна ўзнагародзіў палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна медалём "Гонар і годнасць".
Абвяшчаўся збор памяці Алеся Пушкіна, каб падтрымаць яго сям’ю. Неабходную суму сабралі за некалькі гадзін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.