Алімпійцы, пазбаўленыя медалёў за допінг, не будуць вяртаць дзяржаве прызавыя
Беларускія алімпійцы, якіх пазбавілі медалёў за выяўлены допінг, не будуць вяртаць дзяржаве прызавыя грошы. Пра гэта ў каментары агенцтву БелаПАН заявіла прэс-сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Настасся Марыніна.
Па яе словах, у беларускіх законах не існуе юрыдычнай працэдуры вяртання прызавых. На цяперашні час такая працэдура знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі, але пакуль не вядома, калі яна будзе заканадаўча зацверджаная.
Як паведамлялася раней, 26-27 кастрычніка Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў Беларусь трох алімпійскіх узнагародаў. Пры пераправерцы іх допінг-пробаў былі выяўленыя забароненыя рэчывы. У сераду МАК пазбавіў узнагарод Алімпіяды-2008 беларускіх штангістаў Анастасію Новікаву (бронза) і Андрэя Рыбакова (срэбра). А ў чацвер стала вядома, што МАК забірае медаль за Лонданскую алімпіяду-2012 у штангісткі Марыны Шкерманковай (бронза).
Рыбакоў атрымаў за срэбраны медаль 50 тысяч долараў, Новікава — 30 тысяч. Падчас Алімпіяды-2012 прызавыя былі павялічаныя, таму Шкерманкова за бронзавы медаль атрымала 50 тысяч долараў.