Аляксандр Лукашэнка выступіў у Астане: Спадарства, уціхамірцеся!
Сёння ў Астане праходзіць пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Казахстана.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь не патрабуе ніякіх саступак у працэсе еўразійскай інтэграцыі. Ён, як і ўчора ў Мінску, згадаў пра нападкі на яго ў СМІ.
"Найбольш дасталося Беларусі, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Нават цяпер у прэсе падымаецца шум: "Лукашэнка патрабуе саступак!", "Выгандлёўвае бонусы для Мінска!"... Хачу гэтай публіцы сказаць: "Спадарства, уціхамірцеся! Мы з Расіяй і Казахстанам — удзельнікі сумеснага раўнапраўнага працэсу, і калі будзем узвальваць нешта на плечы адзін аднаго, то гэта таксама на раўнапраўнай аснове. Гэта наш сяброўскі саюз".
Лукашэнка заявіў, што "ніякіх саступак Беларусь не патрабуе". Гаворачы пра ўнёсак у інтэграцыю кожнай краіны, ён падкрэсліў: "І гэты ўнёсак абсалютна не абавязаны вымярацца толькі тонамі, кубаметрамі і барэлямі".
РІА "Новости" дадае, што Лукашэнка выказаў Пуціну і Назарбаеву "некаторую незадаволенасць". Паводле яго слоў, "ёсць яшчэ магчымасць зрабіць нашыя дамоўленасці лепш да ўзаемнай выгады ўсіх удзельнікаў дамовы і, будучы шчырым, надзейным партнёрам, мы абавязкова пра гэта пагаворым". Напэўна, гэта і будуць тыя самыя "цяжкія, складаныя перамовы", якія анансаваў у Мінску кіраўнік Беларусі.
Пуцін і Назарбаеў: Дамова аб Еўразійскім эканамічным саюзе цалкам гатовая
Фота — ria.ru