Аляксандра Герасіменя прадала бронзавы алімпійскі медаль
Знакамітая беларуская плыўчыха Аляксандра Герасіменя прадала бронзавы алімпійскі медаль Рыа-2016. На NFT-аукцыёне яго купілі за 19 700 долараў.
У снежні 2021-га Герасіменя прадала за 27,5 тысячы долараў срэбраны медаль Алімпіяды 2012-га ў Лондане (50 метраў вольным стылем). На аукцыёне яшчэ прадаецца срэбра, заваяванае ў Лондане на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем.
Вясной 2021-га Аляксандра Герасіменя прадала на eBay залаты медаль чэмпіянату свету 2012 года за 16,1 тысячы долараў. Сродкі пайшлі на падтрымку дзейнасці Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Нядаўна ім збіраліся сродкі для аплаты іска, пададзенага ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане па справе супраць УЕФА і Беларускай федэрацыі футбола.
У мінулым годзе ў дачыненні кіраўніцы Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені ў нашай краіне распачалі крымінальную справу за "заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь...". Яна з восені 2020-га жыве за мяжой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.