Герасіменя прадала залаты медаль за 16,1 тысячы долараў

Герасіменя прадала залаты медаль за 16,1 тысячы долараў

Славутая беларуская плыўчыха, трохразовая алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя прадала на eBay залаты медаль чэмпіянату свету 2012 года за 16,1 тысячы долараў. Стартавая цана складала тры тысячы долараў, але імкліва расла. Грошы будуць пералічаныя ў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.

"Гэтым лотам я б хацела падтрымаць усіх беларусаў, перадаць ім зарад 100% упэўненасці ў перамозе, бо вера ў перамогу — гэта ўжо 90% поспеху!пісала Герасіменя. — На медаль замацаваная чорная стужка..., як мне здаецца, яна сімвалізуе ўсіх нашых пацярпелых і палітвязняў".

У пачатку красавіка стала вядома, што ў дачыненні кіраўніцы Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені ў Беларусі распачалі крымінальную справу за "заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь...". Яна з восені мінулага года жыве за мяжой.

Раней штурхальніца ядра Надзея Астапчук прадала за $11,1 тысячы на аукцыёне залаты медаль чэмпіянату Еўропы 2005 года. Грошы яна пералічыла на падтрымку беларускіх спартсменаў, якія пацярпелі за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Тое самае зрабіла і баскетбалістка Кацярына Сныціна, якая прадала за 10 тысяч долараў бронзавы медаль Еўра-2007. Усе яны падтрымалі мірныя пратэсты ў нашай краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі