Аляксандраў піша з-за кратаў у дзень суда: "Я не прызнаю сябе вінаватым"
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў даслаў ліст з-за кратаў. Ён быў затрыманы ў студзені мінулага года, праходзіць па "справе БелаПАН", па якой у панядзелак у Мінску пачынаецца закрыты суд. Праваабаронцы прызналі Аляксандрава палітвязнем.
"Дарагія сябры, вось ужо чацвёрты месяц з моманту выстаўлення мне канчатковага абвінавачвання, я практычна не атрымліваю лістоў і не ведаю, ці даходзяць мае лісты тым, каму я працягваю рэгулярна пісаць, больш-менш стабільная паштовая сувязь застаецца толькі з бацькамі, — піша Андрэй Аляксандраў. — Але па рэдкіх... рэгулярных мілых пасылках і смачных перадачах ведаю і адчуваю вашу падтрымку, за якую нязменна ўдзячны".
"Я ведаю, што многія з сяброў і калегаў збіраліся наведаць мяне ў судзе...; але суд над намі будзе закрытым "у мэтах невыдавання ахоўнай законам таямніцы", — працягвае палітвязень. — Што гэта за таямніца, я пакуль не ў курсе, ужо вельмі яна "охраняема", а я прабыў у СІЗА пад следствам нават менш за паўтары гады, адкуль мне ведаць. Магчыма, таямніца ў тым, што людзі, якіх будуць судзіць, ні ў чым не вінаватыя; прынамсі, я не прызнаю сябе вінаватым у тым, у чым мяне абвінавачваюць".
Аляксандраў піша, што едзе на суд "без лішніх ілюзій, затое з чыстым сумленнем, і нават з прыемным хваляваннем".
Па "справе БелаПАН" таксама праходзяць Ірына Леўшына, Ірына Злобіна і Дзмітрый Наважылаў.
"Ірына Леўшына — чалавек з добрым сэрцам і жалезнымі прынцыпамі, супер-рэдактар, профі найвышэйшага ўзроўню, — піша Андрэй Аляксандраў. — Дзіма Наважылаў — выключна прыстойны, абавязковы, спагадны і гатовы прыйсці на дапамогу... І Іра Злобіна — чалавек з самым неверагодным спалучэннем дабрыні, розуму і прыгажосці ва ўсіх яе праявах, якое я сустракаў у жыцці... Я шчаслівы чалавек. Толькі рэальны шчасліўчык мог дагадзіць у такую годную кампанію".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.