Аляксей Грос апрануў вышыванку і вызначыўся з песнямі на "Славянскі базар"

Аляксей Грос апрануў вышыванку і вызначыўся з песнямі на "Славянскі базар"

Аляксей Грос, беларускі ўдзельнік конкурсу маладых выканаўцаў на сёлетнім “Славянскім базары”, вызначыўся з песнямі. Яшчэ ў сакавіку разам з прадзюсарам і кампазітарам Леанідам Шырыным ён звярнуўся да беларусаў з просьбай дапамагчы абраць трэкі для конкурсу. Маўляў, за 25 гадоў усё, што можна, было пераспявана, а хочацца нечага свежага.

Грос атрымаў 72 прапановы, сярод якіх знайшлася і кампазіцыя для паўфінальнага выступу. Песню Уладзіміра Мулявіна "Ой, дожджык ідзе" 1978 года ў свой час выконваў Валерый Дайнэка. Пра яе нагадала жыхарка Гомеля. У выкананні Аляксея Гроса кампазіцыя прагучыць у першы конкурсны дзень, калі будзе выконвацца “Хіт кампазітара краіны”.

“Жаданне заспяваць на роднай мове на юбілейным фэсце ў мяне было, як і выступіць з якой-небудзь кампазіцыяй Уладзіміра Мулявіна, але я не думаў, што гэта будзе магчыма зрабіць праз адну песню”, — кажа Аляксей Грос.

Таксама Грос мусіць выканаць “Славянскі хіт”, якім стане песня Пятра Елфімава “Я хочу”. Яна прагучыць у акустычным варыянце ў апрацоўцы Максіма Пугачова. Апроч таго музыка знайшоў і “той самы” сусветны хіт: "It's my life" Bon Jovi. Апрацоўку песні зрабіў гурт “Радиоволна”, які выйшаў у фінал нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне-2016”.

Нагадаем, 25 па ліку “Славянскі базар” пройдзе з Віцебску 14-18 ліпеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі