Амапавец пераблытаў міліцыянта ў цывільным са злачынцам і затрымаў яго
Камічная гісторыя адбылася ў Жлобіне з супрацоўнікам АМАП Аляксандрам Дубровым.
Напярэдадні хакейнага матча "Металург-Жлобін" — "Юнацтва-Мінск" амапавец убачыў, як невядомы грамадзянін з-за калоны вядзе відэаздымкі заўзятараў, якія падыходзілі да Лядовага палаца. Па словах Дуброва, якія перадае tut.by, ён папрасіў прадставіцца падазронага чалавека і прайсці для разбіральніцтва, але той адмовіўся. У выніку амапавец паклаў грамадзяніна на падлогу, начапіў яму кайданкі і павёз у РАУС. Толькі па дарозе ў міліцыю ён даведаўся, што "дзіўны грамадзянін" — таксама супрацоўнік міліцыі, толькі ў цывільным. Маёр Казлоўскі прыехаў з цэнтральнага апарата МУС спецыяльна для таго, каб праверыць, як працуе служба па ахове грамадскага парадку і бяспецы грамадзян.
Пасля здарэння Дуброва панізілі ў пасадзе — да ўчастковага. На знак пратэсту ён проста не выйшаў на службу і ўжо больш за месяц знаходзіцца дома. Цяпер былы амапавец рыхтуе пазоў у суд на УУС Гомельскага аблвыканкама. Менавіта гэтая структура на падставе загада міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча падпісала загад пра яго паніжэнне ў пасадзе.
У АМАПе Дуброў працаваў з 2011 года, быў кіраўніком групы. Участковым працаваць ён не жадае, бо яго чакае заробак 3,6 мільёна рублёў. Экс-амапавец кажа, што яму яшчэ з гэтай сумы трэба плаціць 25% аліментаў і на кватэру назбіраць. У АМАПе ён зарабляў 5,2 мільёна рублёў.
Фота — avtonom.org