Амбасадар Ізраіля знайшоў інвестара для рэстаўрацыі быхаўскай сінагогі
Першы этап аднаўлення будынка прафінансуе Яўрэйскі нацыянальны фонд Расіі.
Пра гэта стала вядома 30 ліпеня, калі рэшткі Быхаўскай сінагогі наведалі ізраільскі амбасадар Іосіф Шагал і інвестар Раман Спектар, паведамляе сайт Магілёўскага аблвыканкама.
Па ацэнках спецыялістаў, поўная рэстаўрацыя будынка можа каштаваць 700 тысяч долараў. Усёй сумы ў інвестара пакуль няма, аднак ён плануе арганізаваць збор сродкаў. Раней на кансервацыю сінагогі беларускія ўлады перавялі 350 мільёнаў рублёў.
Быхаўская сінагога была пабудаваная ў 1640-1650 гадах. Разам з касцёлам і замкам яна ўваходзіла ў сістэму абароны горада-крэпасці. Яе сцены маюць таўшчыню два метры. Будынак з’яўляецца ўнікальным. Падобныя сінагогі ў Вільні і Пінску не захаваліся да нашых дзён.
Фота — region.mogilev.by