Амбасадар краіны ЕС упершыню за 3 гады ўручыла копіі даверчых грамат міністру РБ

Зіта Ілона Бенчык і Сяргей Алейнік

Зіта Ілона Бенчык і Сяргей Алейнік / прэс-служба МЗС Беларусі

14 верасня міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік прыняў копіі даверчых грамат амбасадаркі Венгрыі Зіты Ілоны Бенчык, паведамляе прэс-служба МЗС.

Каментуючы гэтую падзею, прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі напісаў у Твітары:

"Пакуль венгерскае МЗС падлашчваецца да ўзурпатара, замяшанага ў шматлікіх злачынствах, яно застаецца адзіным выключэннем, якое падкрэслівае агульную пазіцыю ЕС адносна нелегітымнасці Лукашэнкі. ЕС — гэта каштоўнасці, прынцыпы і адзінства. Беларусь будзе праводзіць менавіта такую замежную палітыку".

Гэта першы за амаль тры гады выпадак, калі амбасадар краіны Еўрасаюза ўручае даверчыя граматы прадстаўніку афіцыйнага Мінска. Апошні падобны выпадак быў у снежні 2020 года: французскі амбасадар Нікаля дэ Лакост уручыў копіі даверчых граматаў тагачаснаму кіраўніку МЗС Уладзіміру Макею. Але праз год і два месяцы дэ Лакост пакінуў краіну па патрабаванні беларускага МЗС. Прычынай назвалі яго адмову ўручыць даверчыя граматы Лукашэнку. Краіны ЕС панізілі ўзровень сваёй дыпламатычнай прысутнасці ў Беларусі пасля пратэстаў 2020 года супраць фальсіфікацыі выбараў.

Дарэчы, два месяцы таму копіі даверчых грамат Міністэрству замежных спраў Беларусі ўручыў новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Стээн Нёрлё. Але публічна МЗС РБ тады пра гэта не паведаміў, адзначае Радыё "Свабода".

Венгрыя — адзіная краіны ЕС, якая не падтрымала даклад АБСЕ пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Таксама Венгрыя настойвае, каб з будучага пакету санкцый ЕС прыбралі трох чалавек, у тым ліку кіраўніка Беларускай чыгункі Уладзімера Марозава, звяртае ўвагу Радыё "Свабода".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі