Амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка наведаў Гродна (фота)
Ён прыехаў, каб абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва Польшчы і Гродзеншчыны.
19 снежня дыпламат сустрэўся з кіраўніком Гродзенскай вобласці Уладзімірам Краўцовым, а таксама біскупамі Аляксандрам Кашкевічам і Юзафам Станеўскім.
Падчас візіту адной з прыярытэтных стала тэма па рэалізацыі сумесных праектаў. Пасол паведаміў, што сёлета польскі бок рэалізаваў ў Беларусі каля 4-5 праектаў. Самымі прыярытэтнымі з'яўляюцца тыя, што накіраваны на працу з дзецьмі і моладдзю. Напрыклад, будаўніцтва ў Бараўлянах будучай гасцініцы для бацькоў дзяцей, хворых на рак, добраўпарадкаванне дзіцячых гульнявых пакояў у шпіталях, замена вокнаў у інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
"Мы гатовыя ўдзельнічаць у падобных праектах. Я прапанаваў губернатару рэалізаваць іх і у Гродзенскай вобласці. Цяпер чакаем адказу", — заявіў амбасадар.
Таксама на думку Лешка Шарэпкі, трэба змяніць стаўленне да трансгранічнага супрацоўніцтва. Адным з напрамкаў, які патрабуе распрацоўкі, з'яўляецца змяненне візавага рэжыму паміж краінамі. "Польшча вітае бязвізавы рух, але гэтае пытанне ўсё ж залежыць ад Еўрасаюза", — зазначыў пасол.
Таксама дыпламат дадаў, што па малым памежным руху Польша чакае дзеянняў ад беларускага боку.
Падчас свайго візіту ў Гродна амбасадар наведаў цэнтр "Псіхіятрыя- наркалогія", сярэднюю школу №36 з польскай мовай навучання і выставу "Вяртанне" польскага мастака Зыгмунта Буйноўскага ў Новым замку.