“Амбасовішча” адкрые IQ48, а закрые Ялфімаў

У рэзідэнцыі пасла ЗША ў сераду, 24 чэрвеня, пройдзе фестываль беларускай музыкі — “Амбасовішча”. Фэст адбудзецца ўжо ў пяты раз і абяцае наведвальнікам дастаткова новы фармат. “На першым “Амбасовішчы” былі самыя розныя музыкі, ад Дарафеевай і Новага Іерусаліму да вядомых беларускамоўных гуртоў, — прыгадвае Алесь Круглякоў, вядучы “Амбасовішча”. — Пасля мы зрабілі ўхіл ў бок фолку. У мінулым годзе пастараліся прадставіць рэгіёны. А сёлета ў нас конкурсны падыход: мы абвясцілі набор на нашым сайце, і ўсе, хто пажадаў, адправілі свае заявы. Пасля праслухоўвання і былі абраныя 8 гуртоў-удзельнікаў”.

Гурты-ўдзельнікі — маладыя беларускія музыкі — адыграюць адзін за адным на “Амбасовішчы”, а пасля адбудзецца галасаванне сярод наведвальнікаў, з дапамогай якога і абяруць пераможцу.
 
Выбіраць будуць паміж:
 
Батыскаф (Драгічын),
Unia,
Разбітае Сэрца Пацана,
Open Space,
Дзеці Дзяцей,
Tesaurus,
Спрат (Брэст),
Хуткі Смоўж (Слаўгарад).
 
Нагадаем, што пераможцамі мінулых гадоў былі гурты Кальмары, Далі і Litesound.

Акрамя ўдзельнікаў-канкурсантаў на “Амбасовішчы” зайграюць і запрошаныя “хэдлайнеры”. Адкрые фэст мінскі гурт IQ48, напрыканцы конкурснай праграмы зайграюць амерыканскія госці The Gifted Children, а пасля абвяшчэння вынікаў усе змогуць паслухаць галасістых Ялфімава і PitBull.

Дарэчы, іншыя беларускія поп-зоркі таксама запрошаныя, але спяваць давядзецца аднаму Ялфімаву. Астатнія будуць мець магчымасць паразмаўляць пра шоў-біз з калегамі.

“На “Амбасовішча” мы запрашаем не толькі саміх выканаўцаў, але і ўсіх прадстаўнікоў шоў-індустрыі — прадзюсераў, кліпмэйкераў, кіраўнікоў музычных каналаў, — кажа Алесь Круглякоў. — Гэта рэдкая магчымаць — раз у год сабрацца з калегамі па цэху, на свежым паветры, з піўком, дый пагутарыць”.

Усяго на “Амбасовішча” запрошана каля 500 прадстаўнікоў шоў-бізу, сярод якіх і Еўрарадыё, якое плануе весці жывую трансляцыю з фэсту.
 
Слухайце “Амбасовішча” на хвалях Еўрарадыё 24 чэрвеня з 16:00 да 23:00.


Фота: ByMedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі