Амерыканцы зафіксавалі гравітацыйныя хвалі Вялікага выбуху (відэа)
Як вядома, у яго выніку ўзнік наш Сусвет.
Важнае адкрыццё было зроблена навукоўцамі з Гарвард-Смітсанаўскага цэнтра астрафізікі. Пасля вывучэння дадзеных, сабраных у антарктычнай абсерваторыі BICEP2, астраномы ўпершыню зафіксавалі так званыя рэліктавыя гравітацыйныя хвалі. Існаванне гэтых хваляў даказвае тэорыю Вялікага выбуху, згодна з якой 13,8 млрд гадоў таму за малую долю секунды зародак Сусвету вырас з нуля да памераў мячыка для гульні ў пінг-понг.
Выяўленне дадзенага сігналу было адной з найважнейшых задач сучаснай касмалогіі. Адкрыццё дапаможа вызначыць, як адбывалася пашырэнне Сусвету і вылічыць "магутнасць" гэтага працэсу.
Існаванне рэліктавых гравітацыйных хваляў было прадказана Альбертам Эйнштэйнам яшчэ сто гадоў таму, аднак да гэтага часу навукоўцам не ўдавалася эксперыментальна пацвердзіць гэтую гіпотэзу. Атрыманыя вынікі падлягаюць дбайнай праверцы, аднак калі адкрыццё пацвердзіцца, навукоўцам будзе прысуджана Нобелеўская прэмія, інфармуе БЕЛТА.