Анархісты атакавалі будынак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (відэа)
Уночы з 29 на 30 красавіка, каля 00:30, група мінскіх анархістаў атакавала будынак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Напярэдадні Свята працы анархісты пабілі шкло ў дзвярах будынка па праспекце Пераможцаў, 21, і закінулі ўнутр некалькі піратэхнічных паходняў. Побач яны пакінулі надпіс "Далоў бюракратаў!" "Гэтай атакай мы жадалі паказаць, што прафсаюзы з'яўляюцца не абаронцамі працоўных, а дапаможцамі тых, хто іх прыгнятае, — гаворыцца ў звароце, які анархісты пакінулі на сайце "Indymedia Belarus". — Мэтай прафсаюзных босаў ніколі не была абарона працаўнікоў. Лепшае, на што яны здольныя — дапамагаць дасягаць "дамовы" паміж працаўніком і наймальнікам. Але якая можа быць дамова паміж гаспадаром і рабом, прыгнечаным і прыгнятальнікам?"