Анжаліка Агурбаш расказала пра допыт у паліцэйскім участку
Спявачка Анжаліка Агурбаш усё ж пабывала ў паліцыі на мінулым тыдні. Выданню "СтарХіт" яна распавяла падрабязнасці свайго візіту, звязанага з запытам беларускіх праваахоўнікаў.
"Я прыязджала ў аддзяленне сама, без усялякіх затрыманняў. Мяне выклікалі, каб азнаёміць з матэрыяламі справы, якія даслалі з Беларусі. Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч ніяк не можа супакоіцца. І, акрамя запыту экстрадыцыі, з МУС Беларусі ў МУС Расіі былі адпраўленыя дакументы на мой міждзяржаўны вышук. Мяне абвінавачваюць па тых жа артыкулах (распальванне сацыяльнай варажнечы і абраза прэзідэнта — рэд.). Усё гэтак жа патрабуюць майго арышту і перадачы беларускім уладам. Але са мной усё ў парадку, я ўсяго толькі напісала тлумачальную, што не згодна з абвінавачаннямі", — сказала спявачка.
Па словах Агурбаш, пасля допыту яна паехала на рэпетыцыю. Інфармацыю пра тое, што яе арыштоўвалі, спявачка не пацвярджае:
"Увогуле пра тое, што я была ў паліцыі, не ведалі нават мае дзеці і сваякі — не хацела нікога хваляваць. Як грамадзянка Расійскай Федэрацыі, я адчуваю сябе ў поўнай бяспецы. Візіт у аддзяленне быў фармальнасцю ў межах міждзяржаўных пагадненняў. Але тым не менш гэта ўсё роўна непрыемныя эмоцыі і адчуванні. Мне проста не даюць спакойна жыць".
Агурбаш кажа, што пераймаецца за сваіх сваякоў, якія жывуць у Мінску. Сама яна перасоўваецца без аховы:
"Разумею, што могуць мець месца любыя дыверсіі з боку Лукашэнкі. Трэба быць асцярожнай, глядзець па баках".
Допыт Анжалікі Агурбаш праз абвяшчэнне ў вышук у Беларусі адбыўся 27 жніўня. У Беларусі ёй пагражае да 12 гадоў зняволення. Праўда, памочніца спявачкі ў гэты дзень абвергла чуткі пра допыт артысткі ў паліцыі, маўляў, спявачка ў гэты час знаходзілася на свецкім мерапрыемстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.