Анжаліка Агурбаш: супраць мяне ў Беларусі распачалі крымінальную справу
Беларуская спявачка Анжаліка Агурбаш, якая жыве ў Маскве, запісала відэазварот, у якім заявіла, што супраць яе ў Беларусі распачалі крымінальную справу па двух артыкулах: "Распальванне варожасці або розні" і "Абраза прэзідэнта". Агурбаш па першым артыкуле пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, па іншым — да 3 гадоў.
Спявачка кажа, што Беларусь аб'явіла яе ў вышук і будзе дамагацца ў Расіі экстрадыцыі.
"Беларускі народ вось ужо амаль год змагаецца за свае правы і свабоду, — кажа Анжаліка Агурбаш. — Са жніўня 2020-га года не было ніводнага дня, каб маё сэрца не разрывалася на часткі. Тая ступень абуральнай несправядлівасці і ілжы, агрэсіі, неапраўданай жорсткасці, з якой сутыкнуўся беларускі народ, проста немагчыма ўявіць".
Яна лічыць, што Беларусі пагражае сапраўдная катастрофа. Заклікала ўсіх "да агульнага аб'яднання" для выратавання радзімы.
Агурбаш пасля падзей жніўня 2020-га падтрымала мірныя пратэсты ў Беларусі, яна ўдзельнічала ў акцыях каля беларускага пасольства ў Маскве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.