Анжаліку Борыс могуць зрабіць невыязной

У старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў канфіскавалі маёмасць. Саму ж Анжаліку Борыс могуць унесці ў спіс невыязных. Судовыя выканаўцы апісалі ў кватэры спн. Борыс музычны цэнтр, мікрахвалёўку, кампутар, тэлефон, тэлевізар і новы шклопакет, які нават не паспелі паставіць.

Усе рэчы з кватэры вывезлі. Судовыя выканаўцы паведамілі, што калі Борыс заплаціць штраф 4 мільёны 200 тысяч, то ёй усё вернуць. Але ж афіцыйных папер аб неабходнасці ўплаты штрафу Борыс не атрымоўвала. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар Саюзу палякаў Ігар Банцар.

Банцар: "Паперак ёй не прыходзіла наконт выканання. Ніхто яе не паінфармаваў, а зараз мінуў тэрмін - яны прыйшлі і сказалі: калі да заўтра яна не заплаціць гэтыя 4 мільёны 200 тысяч, то яе ўнясуць у спіс невыязных".

Борыс была аштрафаваная як кіраўнік фірмы "Палёніка", праз якую неафіцыйны Саюз палякаў нібыта ажыццяўляў сваю дзейнасць. Саму фірму аштрафавалі на 122 мільёны.

Цяпер Анжаліка Борыс вядзе кансультацыі з юрыстам, але ж штраф усё ж давядзецца заплаціць, каб не патрапіць у спісы невыязных, дадаў Банцар.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі